Аналітыкі пасьпелі паіранізаваць ужо над кадравай ракіроўкай мінулай пятніцы. Былы генэральны пракурор Міклашэвіч узначаліў Канстытуцыйны суд, а былы кіраўнік КС Васілевіч — наадварот, Генпракуратуру. Са слоў Валера Карбалевіча, гэта цалкам у рэчышчы айчыннай кадравай палітыкі, калі "дырэктара банку можна прызначыць дырэктарам лазьні і наадварот".

Яшчэ дадаюць наконт кароткай лаўкі запасных. Плюс зазначаюць, што тасаваньне кадравай калоды патрэбнае дзеля таго, каб намэнклятурным тузам служба мёдам не здавалася ды каб не абрасталі кланавымі сувязямі.

Але ў дадзеным выпадку, бадай, ці не вызначальным ёсьць іміджавы момант. Сапраўды, Рыгор Васілевіч для многіх — інтэлігентны, падкрэсьлена цывільны законьнік у белых (ці амаль што белых…) пальчатках. Суворага Пятра Міклашэвіча прывыклі бачыць у пагонах.

Запомнілася, у прыватнасьці, прэсавая канфэрэнцыя сілавога трыюмвірату — Міклашэвіч, Навумаў, Сухарэнка — напярэдадні Плошчы-2006. Дакладней, тады мы яшчэ ня ведалі, што будзе Плошча, а яны, людзі ў пагонах, вэрбальна рабілі ўсё, каб публіка сто разоў падумала, ці варта лезьці на ражон… (Дзеля справядлівасьці адзначым, што па-за канкурэнцыяй быў тагачасны старшыня КГБ з расповедам пра "мэтад дохлага пацука":) ды пагрозамі пакараньня аж да расстрэлу. Міклашэвіч жа, матывуючы забарону на масавыя мерапрыемствы, дыпляматычна апэляваў да прэцэдэнту крывавай цісканіны на Нямізе ў 1999 годзе.)

Зразумела, што і Міклашэвіч, і Васілевіч — людзі Сыстэмы. Але калі першы ў вачох Эўропы ды нашай незалежнай грамады хоцькі-няхоцькі асацыюецца з рознымі малапрывабнымі рэчамі кшталту палітычных рэпрэсіяў (за што і трапіў у сьпіс невыязных), то другі, як ні круці — з выступам у абарону беларускай мовы ды скасаваньнем дазвольнага штампу на выезд.

Усе ведаюць клясычную гульню ў злога і добрага сьледчага. Дык мо' цяперашняя ракіроўка мусіць прадэманстраваць Захаду "добрага сьледчага" на пасадзе кіраўніка Генпракуратуры — структуры дэ-факта непараўнальна болей важкай і ўплывовай, чым КС?

Новаму яе начальніку фармальна можна з чыстага аркуша пачынаць і вывучэньне спраў тых самых палітвязьняў. Экс-адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч зазначае, што "фармуляваньне генпракурорам Васілевічам праўнай пазыцыі ў справе Аляксандра Казуліна з вызваленьнем галоўнага палітзьняволенага стала б яркім дэбютам на ягонай новай пасадзе…".

Канешне, наіўна лічыць, што нейкі чыноўнік у нас можа ладзіць самастойную гульню. Але ў кантэксьце цяперашняга "рэнэсансу" заходняга вэктару сапраўды можна чакаць нейкіх новых крокаў, закліканых прадэманстраваць аслабленьне брутальнасьці рэжыму ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў.

Нават калі ў выніку гэта зьвядзецца толькі да паказальнага вызваленьня двух-трох чалавек, то кадравую ракіроўку можна лічыць апраўданай.

Увогуле ж маюць рацыю тыя назіральнікі, што зазначаюць: на новай пасадзе спадару Васілевічу будзе значна цяжэй карыстацца белымі пальчаткамі. Наперадзе новыя выбары ды іншыя ўсплёскі палітычных жарсьцяў, якім наша ўлада прывыкла даваць рады вожыкавымі рукавіцамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?