Наш дом — дом катоў альбо дом з катамі, сабачка звычайна адзін, часам іх два. Зьверы жывуць менш за людзей, ясна. Калі ты пішаш, і ўвесь горад для цябе — чарапічны дах за вакном, але на каленках твой кот, вам ня трэба натоўпаў, ня трэба ўсяго гораду, вам добра самім.

Але ўсё добрае сканчаецца, і ты чытаеш потым з сумам, што каты сапраўды дапамагаюць людзям выжываць, яны, напрыклад, нармалізуюць ціск і пульс, яны павялічваюць гады таму, у каго жывуць. Застаецца толькі здымак на сьцяне і сьляды кіпцюроў на кнігах (слоўнік Станкевіча), нататніках, нават на дзьвярах, якія ня хочацца падфарбоўваць. Твой хвастаты сябар заўжды застаецца крыху дзікім катом у тваіх успамінах. Могілак для іх не існуе ў гэтай краіне, дзе нават людзі мала што значылі звычайна.

Каты — годныя, мудрыя, незалежныя. Нам, беларусам, гэтага востра не хапае. Усе мовы па-свойму прыгожыя, але свая… Усе каты годныя і цудоўныя, але самыя прыгожыя, няма спрэчкі, каты сіямскія. Хочацца дадаць: самыя разумныя, уважлівыя, кемлівыя. Ён быў адзіным сярод вас, хто нарадзіўся ў незалежнай ужо краіне, часова больш беларускай, чым звычайна. Табе было крыху за трыццаць, усё яшчэ наперадзе! Што? — пытаешся ты сёньня.

Ваш ксёндз, калі ўбачыў яго, сказаў, што ў жывёлаў душы няма. Альбо ён гэта мовіў у казані, ты ня памятаеш дакладна. У любым разе ягоныя вочы яму нічога не сказалі. Але вясковыя людзі, таксама ксяндзы, часта, нават жывучы ў горадзе, захоўваюць дя жывёлаў халоднае стаўленьне. Іншы ксёндз, наадварот, любіць катоў, ён іх добра разумее. Гэты ксёндз, дарэчы, п’е толькі малако, яны разам з катом любяць яго. Праўда, за доўгі час працы у вясковым касьцёле ён ня вывучыў мовы людзей. І цяпер, калі яму трапляе па раскладу імша на беларускай мове, ён яе правіць, як трапна кажа твая сяброўка, “на местачковым эспэранта”.

Амэрыканскі пісьменьнік напісаў пра свайго ката, якога ўжо не было, што ён будзе заўжды яго любіць. Гэта праўда. Іншы прысьвяціў твор “усім сваім катам, улучна з сабакам”. Нічога дзіўнага для цябе, што гэта добрыя пісьменьнікі. Ужо ня кажучы пра Картасара, у апавяданьнях і раманах якога ўвесь час трапляюцца менавіта яны, каты. Бо як жа пісьменьніку без ката?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?