Фінал «Еўрабачання» пройдзе 23 мая ў Вене. Ужо сёння можна назваць песні, што зацікавяць як беларусаў, так і ўсю Еўропу.

Беларускі дуэт Uzari & Maimuna ужо адправіўся ў Вену, дзе ў першым паўфінале 19 мая выканае песню «Time». Стаўкі на перамогу Беларусі зусім невысокія (толькі 16 месца ў букмекераў), затое сукенка ў Маймуны прыгожая, з нечым падобным да нацыянальных матываў.

Чые яшчэ песні на «Еўрабачанні» варта не прапусціць?

Паводле ставак на букмекерскіх сайтах, абсалютным фаварытам конкурсу ў гэтым годзе ёсць Швецыя — яе прадставіць Монс Зелмерлёў з песняй «Heroes».

Сын хірурга і прафесаркі Лунскага універсітэта, Зельмерлёў атрымаў славу ў Швецыі ў 2005 годзе, калі ўзяў удзел у мясцовым конкурсе «Idol» (тамтэйшая «Фабрыка Зорак»). Ён стаў папулярным, хоць у конкурсе заняў толькі пятае месца. У 2006 годзе ён перамог у шведскім конкурсе «Let’s Dance», затым у 2007 і 2009 годзе біўся за перамогу ў Melodifestivalen — конкурсе, па выніках якога адбіраюцца ўдзельнікі «Еўрабачання» ад Швецыі.

Узяць першае месца ў Melodifestivalen ён здолеў у 2015 годзе. Пераможная песня «Heroes» 10 тыдняў трымаецца ў шведскіх чартах, два тыдні правяла на першым месцы. Яна пад кантры-матывы, што пераходзяць у дыска, распавядае гісторыю чалавека, які не мог выправіць тое, што нарабіў, але пачуў заклік выцерці слёзы і «жыць, нібы заўтра не будзе». «Мы героі нашага часу, але мы танчым з дэманамі ў галовах», — спяваецца ў прыпеве.

Следам за Швецыяй ідзе Італія з саладжавымі хіпстарамі Il Volo і іх італьянамоўнай песняй «Grande amore». Кінаманы лёгка пазнаюць у кліпе фільмы «Прывід», «Чалавек-павук» і «Назад у будучыню».

Сярод фаварытаў конкурсу і блізкія суседзі Беларусі — эстонскі дуэт Эліны Борн і Стыга Раста з драматычнай англамоўнай «Goodbye to Yesterday». Па мерках «Еўрабачання», кліп на песню — практычна трылер (калі не згадваць Lordi).

Упершыню (і, магчыма, у апошні раз) ў «Еўрабачанні», еўрапейскім конкурсе песні, возьме ўдзел іншы кантынент — Аўстралія. Такі ход тлумачыцца юбілеем конкурсу — у 2015-м годзе ён пройдзе ў 60-ы раз. Аўстралію адразу ў фінале прадставіць Гай Себасцьян з песняй «Tonight Again». Шанцы Аўстраліі ацэньваюць як не горшыя за Эстонію.

Фінляндыю на «Еўрабачанні» прадставіць гурт Pertti Kurikan Nimipäivät, што з вялікім адрывам перамог у нацыянальным адборы. Музыкі гурту хворыя на сіндром Даўна, іх песня «Aina mun pitää» распавядае пра няспынны ціск, што адчуваюць на сабе людзі з абмежаванымі магчымасцямі — яны заўсёды некаму нешта павінны, ім заўсёды нешта нельга. Песня надзвычай кароткая — толькі паўтары хвіліны. Але гэтыя паўтары хвіліны выводзяць Фінляндыю ў пяцёрку фаварытаў конкурсу.

Расія, якой беларусы традыцыйна даюць высокія балы ў галасаванні, будзе прадстаўленая на «Еўрабачанні» песняй Паліны Гагарынай «A million voices». Паліна правяла дзяцінства ў Грэцыі, але пасля смерці бацькі пераехала да бабулі ў Саратаў. На расійскай сцэне заявіла пра сябе ў «Фабрыцы зорак-2» у 2003 годзе. Што цікава, яна ў 2011 годзе ў якасці запрошанай зоркі брала ўдзел ва ўкраінскім шоу «Народна зірка-4», дзе дуэтам з адэсітам Міхаілам Дзімавым заняла другое месца. Шанцы на перамогу ў Паліны не самыя высокія, але ў топ-5 яна хутчэй за ўсё трапіць. І не, у яе кліпе на песню для «Еўрабачання» не рэкламуецца прадукцыя Apple, хаця стылістыка падобная.

На Леанору Андрадэ, ўдзельніцу ад Партугаліі, варта звярнуць увагу з простай прычыны — яна абсалютны аўтсайдар конкурсу. Каэфіцыенты ставак на яе перамогу вагаюцца ад 100/1 да 949/1. Усё праўда так дрэнна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?