Іканастас медалёў кіраўніка «Нёманскага казацтва» Уладзіміра Адамава звяртае ўвагу. Што за адзнакі блішчаць на сінім мундзіры з залатымі гузікамі з выявамі двухгаловага арла? Дзе малады яшчэ мужчына іх заслужыў? 

Як даведаўся карэспандэнт «Нашай Нівы», Адамаў кіруе прарасійскай казацкай структурай і арганізуе фестывалі славянскіх адзінаборстваў у Гродне.

Мы паспрабавалі ідэнтыфікаваць узнагароды Адамава і атрымалі такую карціну (на фота медалі пазначаныя нумарамі):

1. Пародыя на георгіеўскі крыж, найхутчэй, казацкае выкананне.

2. Медаль «90 гадоў Савецкай арміі», Кампартыя Расіі. Выглядам паўтарае савецкі ордэн Чырвонага сцяга.

3. Юбілейны медаль «20 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана».

4. Юбілейны медаль «60 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945».

5. Медаль «За заслугі», Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане.

6. Юбілейны медаль «65 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

7. Медаль «За вернасць баявому таварыству». Асацыяцыя «Афганцы Чарнобыля», Украіна.

8. Медаль «Атаман Ярмак». Сібірскае Казачае войска, Расія.

9. Медаль «Служыць і абараняць», фізкультурна-спартовае таварыства «Дынама».

10. Медаль «20 гадоў Беларускага саюза афіцэраў».

11. Медаль Беларускага Славянскага Камітэта.

12. Медаль «За заслугі», Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане (?).

13. Юбілейны медаль «70 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

14. Медаль «Афганістан. 25 гадоў».

15. Знак «20 гадоў Беларускаму саюзу ветэранаў вайны ў Афганістане».

16. Знак «Выдатнік ВПС».

17. Армейскі знак «Гвардыя», СССР.

18. Спартовы знак.

19. Знак «Військо запорозьке низове», Украіна.

20. Знак «Беларускі саюз афіцэраў».

Пародыя на прэстыжны ордэн Чырвонага Сцяга ў выкананні КПРФ, такі самы ў Адамава.

Як мы бачым, большасць медалёў альбо беларускія юбілейныя, альбо выдадзеныя Саюзам афіцэраў ды Беларускім саюзам ветэранаў-афганцаў. Асобная катэгорыя — знакі і медалі казацкіх таварыстваў, якія не адпавядаюць аніякім нормам, штампуюцца выдаюцца ў неабмежаваных колькасцях. Сярод казакоў знакам добрага тону даўно стала ўзнагароджваць адзін аднаго псеўда-крыжамі ды медалямі. Аніводнага баявога медаля мы не бачым…

Маёр запасу Зміцер Захарэвіч.

Мы спыталіся маёра запасу органаў памежнай службы Змітра Захарэвіча, у каго з вайскоўцаў можа быць такі набор медалёў.

«Гэта не афіцэр, — сказаў Захарэвіч. — Афіцэры «Отличником ВВС» не ўзнагароджваліся, не «чарнобылец»… Саюзы афіцэраў і «афганцаў» — гэта арганізацыі пэўнай накіраванасці. Але наконт «афганскіх» узнагарод у мяне вялікія-вялікія сумневы…

Медаль ''Ад удзячнага афганскага народа'', які атрымлівалі усе ветэраны вайны у ДРА.

Я не бачу ў гэтага чалавека ўзнагарод, якія выдаваліся сапраўдным «афганцам» па вывадзе з Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан. Са мной служылі прапары, якія былі ў ДРА падчас тэрміновай службы. Ва ўсіх ёсць узнагароды «Воину-интернационалисту» і «От благодарного афганского народа». Гэта стандартныя ўзнагароды, якія даваліся абсалютна ўсім.

Сапраўдныя ветэраны-афганцы з медалём ''Ад удзячнага афганскага народа».

Гэты ж чалавек вярнуўся са знакамі «Гвардия» і «Отличник ВВС», але кім ён быў у ВПС? Знакаў за скачкі з парашутам у яго не бачу… можа кіроўцам якім? Дзіўны, вельмі дзіўны набор медалёў», — падсумоўвае Зміцер Захарэвіч.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?