Мы вырашылі ўмацаваць вашыя веды пра асновы стылю і задумалі серыю матэрыялаў пра базавыя рэчы з мужчынскага арсенала. Пачнём, мабыць, з агляду летняга абутку. Бо зусім хутка прыйдзецца агаляць і распранаць ногі. Пасля спынімся на летняй вопратцы.

Топ-сайдары

У пачатку мінулага стагоддзя, калі прыдумалі топ-сайдары, самым важным у іх лічылася падэшва — гумовая і са шматлікімі прарэзамі, якая здольная была б утрымаць марака на слізкай палубе.

Цяпер топ-сайдары цэняцца хутчэй за іх знешні выгляд – нефармальны і лёгкі. Зрэшты, карысная функцыя гэтага абутку нікуды не знікла, так што ў любым стане будзеце стаяць на зямлі ў іх трывала. Ды і падыходзяць яны фактычна пад усё, акрамя вельмі дзелавога касцюма.

Макасіны

У макасінаў трошкі папсаваная рэпутацыя, хоць наогул гэта цалкам высакародны абутак, прыдуманы для гоншчыкаў. Пра тое, каб пасля макасіны сталі звыклай часткай паўсядзённага гардэроба, а не толькі абуткам гоншчыкаў, паклапаціліся італьянцы з Car Shoe і Tod's.

Лоферы

Існуюць шматлікія разнавіднасці лофераў (пра іх мы ўжо пісалі раней), але агульная заканамернасць такая — гэта афіцыйнага выгляду туфлі, якія не трэба расшпільваць, каб надзець. У гэтым уся сутнасць лофераў — чаравікаў для гультаёў, калі даслоўна перавесці з англійскай іх назву loafer. Якія менавіта лоферы патрэбныя вам, вырашайце самі, выбар тут самы вялікі: з пэндзлікамі, з прарэзамі, са спражкай, як у Gucci, якія заўгодна. Яны ўніверсальныя і сапраўды прыгожыя. Правіла простае: на працу вы абуваеце лоферы са шкарпэткамі, на шпацыр – без.

 

Кеды

Белыя кеды — рэч незаменная: мала што можа глядзецца дарэчы ў самых розных выпадках — ад паруснай рэгаты да куплі малака ў суседнім супермаркеце. Кеды, апроч іншага, спалучаюцца амаль з усім. Мы не асабліва раім іх абуваць пад дзелавы касцюм. Хоць цяпер і гэта актыўна практыкуецца. Калі вельмі хочацца, то можна ўсё.

Летам белыя кеды набываюць яшчэ адну важную функцыю — у іх не так горача, як у астатніх: белая тканіна амаль не награваецца, што забяспечвае назе максімальны камфорт.

Фліп-флоп (ці ў народзе — шлёпанцы праз палец)

Фліп-флоп — абутак не самы прадстаўнічы. Гэта самы кепскі варыянт з усіх магчымых. Але, пакуль не прыдумалі нічога больш зручнага для прагулак па пляжы, яны будуць з'яўляцца ў спісах рэчаў, якія трэба ўзяць у адпачынак. Пажадана там жа іх пакінуць, каб выпадкова не выйсці ў шлёпанцах у горад.

Сандалі

Усе вядомыя кнігі па мужчынскім стылі і модзе імкнуцца пазбягаць тэмы аб мужчынскіх сандалях. А калі такая тэма не асвятляецца ў сур'ёзнай літаратуры, можна з упэўненасцю сказаць, што аўтар цалкам або часткова супраць мужчынскіх сандаляў.

У вядомым часопісе Esquire ў адным з артыкулаў было напісана, што «калі вы бачыце голыя ногі мужчыны перад вамі, то павага да яго памяншаецца на 61%». Але гэта мы пакідаем выключна на ваш густ.

Толькі вельмі і вельмі просім не надзяваць пад іх шкарпэткі. Гэта тычыцца ўсяго летняга абутку. Скажам НЕ шкарпэткам летам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?