Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў на Tuzin.fm студыйны запіс песні «Жыве Беларусь» на словы Уладзіміра Някляева і запрашае ўсіх ўзяць удзел у стварэнні «народнага» кліпа на яе.

Кампазіцыя патрапіць на новы альбом Вайцюшкевіча «Наша песня», прэзентацыя якога адбудзецца 6 чэрвеня на канцэрце ў Вільні. Амаль усе квіткі на яго ўжо прададзеныя.

«Гэта песня пра нармальнае чалавечае пачуццё непарыўнай сувязі са сваёй краінай. Яно ва ўсім, што мы робім. Яно з намі кожны дзень, — распавядае Зміцер. — Запрашаю ўсіх узяць удзел у народным кліпе на яе.

Ідэя відэа у тым, каб адысці ад плакатнага патрыятызму і сцягоў-транспарантаў. Давайце праспяваем гэтую песьню ў працы і на адпачынку, з сябрамі, калегамі і роднымі людзьмі. Давайце пакажам, што мы добрыя, працавітыя, шчырыя людзі!».

Тэхнічныя пажаданні ад творчай суполкі «Тры макі», якая будзе ствараць відэа:

1) спявайце песню пад аўдыёзапіс твора, каб супадала хуткасць;

2) здымайце шырокае гарызантальнае відэа (не Instagram), пажадана на фотаапарат ці добры тэлефон;

3) відэа запампуйце на файлаабменьнік (напрыклад, Wetransfer, Dropbox) і дашліце спасылку на мэйл [email protected]

Відэа прымаецца да 25 мая (уключна). Пяць найбольш цікавых і актыўных ўдзельнікаў атрымаюць CD «Наша песня» з аўтографам Змітра Вайцюшкевіча.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?