Падатковыя органы Мінска пачалі рэалізацыю мер, прадугледжаных дэкрэтам № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага дармаедства». Пра гэта паведаміў 14 мая на прэс-канферэнцыі начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Уладзімір Лайкоў. 

Паводле яго слоў, такая праца распачата і актыўна праводзіцца перш за ўсё праз растлумачэнне, у тым ліку з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі. 

«Аналізуецца фінансавы стан грамадзян, патрабуюцца ва ўстаноўленым парадку дэкларацыі аб даходах і маёмасці. Грамадзяне, якія не бяруць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў у 2015 годзе, будуць абавязаныя да 15 лістапада 2016 года ўнесці ў даход бюджэту 3 млн 600 тыс. рублёў», — зазначыў Лайкоў.

Намеснік начальніка інспекцыі МПЗ па Мінску Галіна Гурыновіч паведаміла, што зараз вызначаецца парадак узаемадзеяння дзяржаўных органаў, якія непасрэдна будуць браць удзел у складанні спісаў гэтак званых сацыяльных утрыманцаў. Гэтыя спісы будуць прадастаўлены ў падатковыя інспекцыі да 1 ліпеня 2016 года. 

Паводле слоў Гурыновіч, падатковыя органы са свайго боку выкарыстоўваюць спецыяльную аўтаматызаваную сістэму, па якой можна атрымаць інфармацыю аб даходах ці расходах любога грамадзяніна. «І на падставе гэтага будзе бачна, працуе ён ці не працуе, і якія дарагія набыткі ў яго ёсць. Вядома, у такіх грамадзян мы, перш за ўсё, запатрабуем дэкларацыі», — растлумачыла намеснік начальніка інспекцыі МПЗ па Мінску. 

Нагадаем, дэкрэт быў падпісаны 2 красавіка «ў мэтах стымулявання працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання імі канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў».

Згодна з дэкрэтам грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне і грамадзяне без грамадзянства, якія жывуць у рэспубліцы і не бяруць удзел у фінансаванні дзяржрасходаў ці бяруць удзел у такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў год, павінны выплачваць збор у 20 базавых велічыняў (сёння гэта 3 млн 600 тыс. рублёў).

Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка паабяцаў пры неабходнасці выправіць да канца года сітуацыю з дэкрэтам аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства, які выклікаў шырокі грамадскі рэзананс. «Да канца года мы будзем маніторыць сітуацыю, каб ніхто незаслужана не пацярпеў. Памыліліся — паправім, але трэба, каб ён папрацаваў», — сказаў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, зараз старанна адсочваецца ўся інфармацыя, у тым ліку ў СМІ, дзе «выказваецца некаторая занепакоенасць» наконт дэкрэта № 3. «Да канца года мы будзем маніторыць сітуацыю, каб, сапраўды, не дай бог, ніхто незаслужана не пацярпеў ад гэтых нагрузак, гэтак званага дармаедства», — сказаў ён. «Таму не трэба перажываць і напружвацца. Усё будзе нармальна. Калі я падпісаў дакумент, гэта не азначае што я падпісаў яго напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, каб укалоць насельніцтва. Ні ў якім выпадку. Я проста хачу паступіць як дзяржаўны чалавек, а не як палітык. Таму што або мне, або каму-небудзь пасля прэзідэнцкіх выбараў трэба ж працаваць. І папулізм тут ні пры чым. І ўмовы павінны быць роўныя і нармальныя», — зазначыў Лукашэнка.

Паводле ацэнак экспертаў, сёння налічваецца каля 400 тысяч чалавек, якіх улады могуць аднесці да «сацыяльных утрыманцаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?