ХІІI Рэспубліканскі экалагічны форум сёлета ўпершыню будзе праводзіцца ў Мінску, паведаміла на прэс-канферэнцыі 14 мая першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна. 

«Дванаццаць папярэдніх форумаў праводзіліся ў розных рэгіёнах рэспублікі, у першую чаргу гэта былі абласныя і раённыя цэнтры, паводле вынікаў форуму мы даводзілі да жыхароў гэтага рэгіёна нейкія нашы ідэі», — адзначыла яна. 

Правядзенне форуму ў Мінску — «вялікая адказнасць», лічыць Малкіна, таму мерапрыемствы, арганізаваныя ў яго межах, «павінны быць больш маштабныя». 

Форум пройдзе з 19 па 22 мая, асноўныя мерапрыемствы, уключаючы пленарнае пасяджэнне, адбудуцца 20 мая. Паводле слоў Малкінай, пленарнае пасяджэнне форуму будзе прысвечанае тэме экалагізацыі эканомікі краіны. «Канкрэтныя юрыдычна значныя рашэнні ў межах пленарнага пасяджэння мы не плануем прымаць, але асноўная мэта гэтага кірунку заключаецца ў прыцягненні ў першую чаргу ўвагі кіраўнікоў дзяржаўных органаў да праблем экалагізацыі. Мы хочам паказаць, што ў Беларусі сапраўды шмат робіцца і на ўзроўні грамадскасці, і на ўзроўні пэўных суб'ектаў гаспадарання, але часам гэта мае разрознены характар», — адзначыла намеснік міністра. Яна таксама заклікала ўзяць удзел у абмеркаванні прадстаўнікоў бізнесу. 

У межах форуму будуць працаваць секцыі «Устойлівае развіццё і зялёная эканоміка», «Вада», «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця», «Глебы», пройдзе канферэнцыя «Эка-горад», прысвечаная планаванню развіцця гарадоў з улікам іх уплыву на навакольнае асяроддзе, канферэнцыя па біяразнастайнасці, будуць арганізаваныя семінары і майстар-класы, падведзеныя вынікі конкурсу графіці на экалагічную тэматыку, а таксама адбудзецца шэраг выязных мерапрыемстваў. 

19—22 мая ў межах форуму ўпершыню пройдзе выстава «Зялёны дом», поўнасцю прысвечаная экалогіі. Паводле слоў дырэктара ўнітарнага прадпрыемства «Белінтэрэкспа» Яўгена Увядзенскага, у выставе возьмуць удзел прыблізна 50 прадпрыемстваў, якія працуюць у сферы альтэрнатыўнай энергетыкі, перапрацоўкі адходаў, энергазберагальных тэхналогій, тэхналогій ачысткі паветра і вады, вытворчасці экалагічна чыстай прадукцыі і іншых. «Мы задумалі гэтае мерапрыемства як экалагічны фестываль, які мог бы быць цікавым для ўсіх і ў той жа час паўнавартасна асвятляў бы найноўшыя распрацоўкі ў экалогіі», — адзначыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?