Ва ўрадзе Беларусі пакуль не пацвярджаюць удзел прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова ў саміце Усходняга партнёрства (УП) у Рызе. 

Пра тое, што Беларусь на саміце прадставіць Кабякоў, паведаміў у Twitter брусэльскі карэспандэнт «Радыё Свабода» Рыкард Ёзвяк са спасылкай на еўракамісара Ёханеса Хана.

«Хан пацвярджае, што Лукашэнка не прыедзе на саміт Усходняга партнёрства ў Рызе. Прэм'ер Беларусі прыедзе замест яго», — піша журналіст. 

На пытанне БелаПАН, ці плануе Андрэй Кабякоў удзельнічаць у саміце ў Рызе, прэс-сакратар прэм'ер-міністра Вольга Доўгая адказала: «У графіку Кабякова на гэтым тыдні такога мерапрыемства няма, але ўсё можа здарыцца». 

Саміт Усходняга партнёрства пройдзе ў Рызе 21—22 мая. Афіцыйнай інфармацыі пра тое, хто будзе прадстаўляць на ім Беларусь, дагэтуль няма. 

Наведваючы Беларусь у лютым гэтага года, Эдгарс Рынкевіч — міністр замежных спраў Латвіі, якая старшынствуе цяпер у ЕС, заявіў: Латвія жадае, каб на саміце Усходняга партнёрства ў Рызе ўсе партнёры былі прадстаўлены на самым высокім узроўні. 

На мінулым саміце УП, які праходзіў у Вільні ў канцы лістапада 2013 года, Беларусь была адзінай краінай, прадстаўленай на ўзроўні міністра — кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея. Ад Азербайджана, Арменіі, Грузіі і Украіны ў віленскім саміце ўдзельнічалі прэзідэнты, ад Малдовы — прэм'ер-міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?