Нядаўна мы публікавалі агляд артыкула ў беларускім часопісе «Спецназ», дзе ў кепскім святле выстаўляюцца айчынныя «ультрас», футбольныя фанаты, а ў якасці эксперта прыцягнуты расійскі баявік Іван Катанаеў, які ваяваў на ўсходзе Украіны. Каб высветліць, чым абумоўлены такі выбар, «Наша Ніва» звязалася з аўтарам артыкула, галоўным рэдактарам «Спецназа» Андрэем Дзяменцьеўскім.

Сп. Дзяменцьеўскі адразу зазначыў, што даведаўся пра датычнасць Катанаева да ўзброеных фармаванняў «ДНР» толькі з сайта «Нашай Нівы».

«Калі вы чыталі артыкул, то бачылі напрыканцы подпіс — «падрыхтаваў Андрэй Дзяменцьеўскі». Калі аўтар піша «падрыхтаваў», то мае на ўвазе, што значная колькасць абзацаў узятая з іншых крыніц. Такім чынам аўтар не хоча браць на сябе аўтарства, бо частка фактуры напісаная не ім», — сказаў ён, дадаўшы, што частка матэрыялаў узята з сайта «Свободная пресса».

Дарэчы, «Свободная пресса» – гэта расійскі партал, большасць кантэнту якога маюць антыўкраінскі характар. У прыватнасці, на сайце гучаць думкі аб непаўнавартасці ўкраінскіх уладаў, друкуюцца фотасправаздачы з акопаў «апалчэнцаў», спяваюцца дыфірамбы ідэалогіі «Наваросіі».

І хоць Андрэй Дзяменцьеўскі карыстаецца матэрыяламі даволі сумнеўнага рэсурсу, у размове ён неаднаразова падкрэсліў, што ён не імперыяліст і пазбягае палітчыных тэмаў у сваім часопісе.

«Мой артыкул вывернулі і перакруцілі, асабліва на «Хартыі». Я вам шчыра скажу, што я не ў курсе гэтых раскладаў — ДНР, ЛНР, АТА. Гэта тэмы для палітычных выданняў. А Катанаеў у «Спецназе» прадстаўлены не ў якасці нейкага там баевіка, а ў ролі «спартача», былога футбольнага фаната. Так, я спаслаўся на ягоныя словы з артыкула «Фанаты Правага Сектара», але ўсе мы, журналісты, часам спасылаемся на матэрыялы калег».

Таксама Андрэй распавёў, чаму ўвогуле такі артыкул з’явіўся на старонках «Спецназа».

«Я сам футбольны заўзятар «Дынама-Мінск» з вялікім досведам, я памятаю, як раней нас імгненна выганялі з сектара толькі за крычалкі «Гол, Дынама, гол». Таму мне цікавая гэтая тэма і я перыядычна пішу пра яе, пачынаючы з 1980-х. І мэта маёй сёлетняй публікацыі — адсачыць тэндэнцыі ў фанацкім асяродку, паглядзець, што мяняецца цягам часу. І не трэба шукаць тут ніякіх змоваў. Наклад «Спецназа» — гэта усяго 600 асобнікаў, 90% матэрыялаў часопіса пра хлопцаў, якія не адкасілі ад прызыву і абараняюць нашу радзіму», — рэзюмаваў Андрэй.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру