Група маладых людзей з Расіі наладзіла дрыфт на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Мінска, паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама.

Паводле інфармацыі часова выконваючага абавязкі па пасадзе камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы, ноччу 17 мая нарад нёс службу па ахове грамадскага парадку ў раёне Кастрычніцкай плошчы. Каля пяці гадзін раніцы міліцыянеры ўбачылі. што на плошчу ўехаў аўтамабіль «Хёндэ» з расійскімі нумарамі. Іншамарка імкліва ажыццявіла некалькі кругавых манеўраў. Міліцыянеры кінуліся да парушальнікаў спакою, але тыя, заўважыўшы нарад, паспешліва з'ехалі. Супрацоўнікі АМАП паспелі ўбачыць, што за рулём была дзяўчына, а ў якасці пасажыраў — яшчэ дзве дзяўчыны і хлопец. 

Інфармацыя наконт гэтага была неадкладна перададзеная ў аператыўна-дзяжурную службу. На працягу паўгадзіны па прыкметах былі затрыманыя дзве дзяўчыны 23-х і 19-ці гадоў, якія, як устаноўлена, знаходзіліся ў аўтамабілі. Крыху пазней быў знойдзены і сам «Хёндэ». Ён стаяў на адной з аўтамабільных парковак.

У ходзе разбору ў дачыненні да затрыманых былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства і з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення. Супрацоўнікі міліцыі намераны ўстанавіць і астатніх удзельнікаў інцыдэнту. Па гэтым факце працягваюцца праверачныя мерапрыемствы.

Дрыфтынг на Кастрычнікай плошчы расійскіх кіроўцаў сёлета не першы. Як паведамлялася раней, у ноч з 10 на 11 студзеня тут вакол навагодняй ёлкі ў кіруемы занос расіяне ўводзілі «Шэўрале». Самі знялі відэа аб гэтым і выклалі яго ў сетку. Процідзеяння ім ніхто не аказваў. Потым парушальнікаў устанавілі, але ці прыцягнутыя грамадзяне РФ да адказнасці, невядома.

А 24 студзеня ў 0.45 супрацоўнікі мінскага АМАП на Кастрычніцкай плошчы спынілі «Аўдзі-100», кіроўца якога паспрабаваў наладзіць дрыфт.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру