Тэлескоп, што дапаможа знайсці небяспечнае для станцыі смецце. Фота: RIKEN

Тэлескоп, што дапаможа знайсці небяспечнае для станцыі смецце. Фота: RIKEN

Касмічныя апараты трэба абараняць ад смецця, пакінутага чалавекам на арбіце. Дзеля гэтага японскі інстытут фізіка-хімічных даследаванняў прапанаваў усталяваць на станцыі лазерную гармату, піша Space.com.

Ультрафіялетавы лазер, што генеруе каля 10 тысяч імпульсаў на секунду, зможа біць па касмічным смецці на адлегласці да 100 км. Выпраменьванне лазера нагрэе аб’екты, у выніку выпарэння яны скіруюцца ў бок Зямлі ды спаляцца ў атмасферы.

Пакуль такая касмічная гармата толькі распрацоўваецца.

Даследчыкі збіраюцца праверыць на МКС зменшаную 10-ватную мадэль лазера. Калі праект з МКС пройдзе паспяхова, навукоўцы кажуць аб магчымасці стварэння асобнага касмічнага апарата з лазерам на 500 тысяч ват, што зможа збіваць касмічнае смецце на адлегласці да 800 км. Такі апарат будзе збіваць па аб’екце кожныя 5 хвілін.

Каб своечасова знаходзіць касмічнае смецце, даследчыкі прапануюць скарыстацца японскім касмічным тэлескопам Extreme Universe Space Observatory, што плануецца ўсталяваць на МКС у 2017-2018 годзе. Першапачаткова распрацаваная для даследавання касмічных прамянёў, яна можа выканаць і функцыі пошуку небяспечнага касмічнага смецця, што на высокай хуткасці набліжаецца да МКС.

***

Аб'ём касмічнага смецця, што чалавек пакідае на арбіце, расце штогод. Ім лічацца ўсе штучныя аб’екты ці фрагменты аб’ектаў, што не выкарыстоўваюцца чалавекам — ад няспраўных спадарожнікаў да заклёпак ці гаек. Нават самыя малыя аб’екты пагражаюць касмічным станцыям — пясчынка на арбіце ляціць з хуткасцю ў дзясяткі тысяч км/гдз і здольная пашкодзіць шкло шатла. Агульная маса касмічнага смецця перавышае 5 тысяч тон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?