Аўтарскі вечар кампазітара — сузаснавальніка «Беларускага грамадска‑культурнага таварыства ў Пецярбургу».

Першая пасля Другой сусветнай вайны грамадская беларуская арганізацыя ў Пецярбургу была створана 30 красавіка 1989 г. Сузаснавальнікамі сталі Валянцін Грыцкевіч, Мікола Нікалаеў, Алег Лысенка, Iван Чэрнякевіч і гаспадар памяшкання дзе прайшоў першы сход (сектар інструментазнаўства Iнстытута тэатра, музыкі і кіно на Iсакіеўскай плошчы ), кампазітар Iгар Уладзіміравіч Мацыеўскі.

Нельга сказаць, што наша эпоха прайшла пад музыку Мацыеўскага. Але эпоха была акурат такая, як музыка Мацыеўскага: часам рваная, няроўная, з фарсажамі, часам смяшлівая, з рознымі інструментамі. Традыцыі класікі ў спалучэнні з авангардам. Тут і сола на віяланчэлі, і скрыпка з фартэпіяна, і проста фартэпіяна і вакал — мужчынскі і жаночы, і бурлеска для трубы і фартэпіяна, і сола на арфе… па‑польску, па‑руску, па‑беларуску. Па-польску з рускім акцэнтам (бо выканаўцы рускія), па‑беларуску — з тым жа акцэнтам па той жа прычыне. Аўтарскі вечар кампазітара 12 лютага 2008 г. у Малой зале імя Міхаіла Глінкі Санкт‑Пецярбургскай акадэмічнай філармоніі пачынаўся чытаннем Адама Міцкевіча і Паланэзам, а заканчваўся бліскучай прэм’ерай трох частак «Месы» па‑беларуску, у выкананні камернага хору «Росіка» пад кіраўніцтвам Валянціны Капыловай—Панчанка.

Паміж гэтымі знакавымі нумарамі былі фартэпіянны цыкл з Менуэтам, Калядкай, Пастаралькай, Мазуркай і Полькай, а таксама саната «Уступленне ў Апакаліпсіс» для віяланчэлі сола, два вакальныя цыклы на вершы Тадэвуша Ружэвіча (па‑польску) і вакальны цыкл «Байкі» на вершы Яна Бжэхвы (таксама па‑польску). Паэма‑прэлюдыя для арфы «Сонца гор» і музыка да нязнятага кінафільма «Лятаючы меч» выконваліся толькі на мове музыкі, без слоў.

Iгар Мацыеўскі скончыў Львоўскую і Ленінградскую кансерваторыі. Ён не толькі кампазітар, але і вучоны‑музыказнаўца: доктар мастацтвазнаўства, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтва Украіны і заслужаны дзеяч мастацтва Польшчы. Гэты выдатны музыкант шматкроць звяртаўся ў сваёй творчасці да беларускіх матываў, тэкстаў беларускіх паэтаў (найперш Максіма Багдановіча). Разам з жонкай Галінай Валянцінаўнай Таўлай (дачкой вядомага заходнебеларускага паэта) ён уважліва вывучае музычныя асаблівасці памежжа: беларуска‑расійскага на невельшчыне і смаленшчыне, беларуска‑польскага на беласточчыне. Некалькі гадоў таму ў пецярбургскім выдавецтве «Вольная Беларусь» выйшаў зборнік музычных твораў Iгара Мацыеўскага на словы беларускіх паэтаў.

М.Н.

Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0