За шпаркімі тэмпамі засваеньня тэрыторыі ў гістарычным цэнтры Менску часта не заўважаюцца факты стратаў бясцэнных помнікаў старасьветчыны.

Аднак выпадкаў прыцягненьня да адказнасьці вінаватых за разбурэньне аб’ектаў, што ўваходзяць у Дзяржаўны сьпіс гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў, няма — нягледзячы на шматлікія звароты гісторыкаў, архітэктараў, археолягаў у кантрольныя і наглядныя органы. Адным з апошніх прыкладаў стала рэканструкцыя бэрнардынскай камяніцы XVII стагодзьдзя у Менску.

Тэмпам будаўнічых працаў у гістарычным цэнтры сталіцы можна было б пазайздросьціць. На месцы гістарычных будынкаў як на дражджах расьце комплекс Менскай духоўнай акадэміі, які больш нагадвае катэджавы пасёлак. Пад каўшамі экскаватараў зьнікае ня толькі так і ня вывучаны археалягічны пласт, але і рэальныя архітэктурныя помнікі. У дадзеным выпадку гаворка пра бэрнардынскую камяніцу на рагу вуліц Кірыла і Мятода ды Гандлёвай. Гэта адно з найстарэйшых збудаваньняў у Верхнім горадзе.

Практычна на ўсёй тэрыторыі Старога горада аднаўленчыя працы вядуцца з грубейшым парушэньнем як нацыянальнага заканадаўства

Гісторык архітэктуры Ўладзімер Дзянісаў канстатуе: практычна на ўсёй тэрыторыі Старога горада аднаўленчыя працы вядуцца з грубейшым парушэньнем як нацыянальнага заканадаўства, так і міжнародных нарматыўна‑мэтадычных дакумэнтаў. Згодна з сучасным падыходам да захаваньня гісторыка‑культурнай каштоўнасьці, кажа экспэрт, у першую чаргу павінна захоўвацца аўтэнтычнасьць самога аб’екту, арыгінальнасьць матэрыялу. То бок, сапраўднасьць усіх элемэнтаў, якія дайшлі да нашага часу. Але, паводле суразмоўцы, калі, як у выпадку з камяніцай, разьбіраюцца два паверхі, каб драўляныя перакрыцьці замяніць на жалезабэтонныя, і цалкам зьнішчаюцца ўнутраныя канструкцыі дзеля новай пляніровачнай структуры — рэстаўрацыйнымі працамі такое «засваеньне» назваць нельга:

«Камяніца, якая зьмешчана на рагу сучасных вуліц Гандлёвай і Кірылы і Мятоды, зьяўляецца выдатным помнікам архітэктуры Менску. Збудаваная яна была ў XVIII стагодзьдзі афіцыйна як забудова Менскага кляштару бэрнардынак. Часткова была рэканструяваная напачатку ХІХ‑га паводле праекту архітэктара Міхала Чахоўскага. Гэты помнік унесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў і мае катэгорыю «2». Гэта катэгорыя адносіцца да тых аб’ектаў, якія ёсьць помнікамі агульнанацыянальнага значэньня. Да пачатку ўсіх будаўнічых працаў, якія пачаліся тут у мінулым годзе, захавалася вельмі шмат аўтэнтычных элемэнтаў. У першую чаргу, драўляная кроквенная сыстэма, сыстэма ацяпленьня і дымаходы, кафэльныя печы XVIII‑ХІХ стагодзьдзяў. Захавалася пляніровачная структура і шмат іншых, вельмі цікавых канструктыўных, аўтэнтычных элемэнтаў».

У выпадку з камяніцай, як удакладняе Ўладзімер Дзянісаў, спачатку былі падмуркі XVII стагодзьдзя і скляпеньні, якія захаваліся да сёньня, на якія потым надбудоўваліся верхнія паверхі. Між тым, паводле гісторыка, калі сучасныя «рэстаўратары» давядуць справу да канца, то гэта будзе ўжо ня помнік XVII‑XVIII стагодзьдзяў, а «невядома што, пабудаванае ў ХХІ‑м».

У якасьці апраўданьня тактыкі «разбурэньня дзеля аднаўленьня» ужо чуліся выказваньні: муроўка, маўляў, у вельмі кепскім стане, таму іншага выйсьця і не застаецца. Спэцыялісты сьцьвярджаюць, што заявы не адпавядаюць рэчаіснасьці: па‑першае, да пачатку працаў камяніца стаяла пад дахам і ў яе захаваліся ўсе канструктыўныя элемэнты. Па‑другое, некалькі гадоў таму былі зроблены працы на яе ўзмацненьне.

Сакрэт у тым, як лічыць адзін з самых кампэтэнтных беларускіх спэцыялістаў у муроўцы Алег Трусаў, што няма павагі да старых муроў: ці гэта звычайная камяніца, ці аб’ект, уключаны ў сьпіс усясьветнай культурнай спадчыны. Тым больш, у сьвеце дакладна адпрацаваная мэтодыка не столькі на рэстаўрацыю, а на кансэрвацыю цагляных муроў:

Зараз у нас вельмі модна: скласьці акт, што будынак у аварыйным стане, зьнесьці, пабудаваць новы, а грошы ўзяць як за рэстаўрацыю

«Сыплецца любая цэгла — і сучасная, і старая. А сучасная яшчэ больш слабая, чым XVII стагодзьдзя. Прычынай — перапад тэмпэратураў, мароз‑сонца і г.д. І калі помнік не даглядаць, то ён выветрываецца, разбураецца, усё высыпаецца. Але зараз у нас вельмі модна: скласьці акт, што будынак у аварыйным стане, зьнесьці, пабудаваць новы, а грошы ўзяць як за рэстаўрацыю. Вось такая сыстэма рэстаўрацыі. Канечне, прасьцей разбурыць, чым сядзець там. Гэта ж трэба ўсё смоламі працягнуць, ёсьць адмысловыя мэтодыкі, паводле якіх усё захаваць можна. Але ўзьнікае пытаньне: якім чынам? Таму паступова выпрацавалася сыстэма — як крыху трэба падумаць, як патрабуюцца нейкія лішнія выдаткі, то гэта разбураецца, робіцца навадзел, а пішацца, што гэта помнік. Такая тэндэнцыя, на жаль, апошнія гады ў Беларусі запанавала. Канечне, аварыйны будынак цяжэй захаваць. Але ж ёсьць для гэтага розныя анкеры, сьцягваньне гэтых муровак. Натуральна, што яно каштуе грошай, час займае. А тут хуценька разламаў, збудаваў нешта падобнае і яшчэ шыльдачку павесіў. Так вось у нас яны і працуюць».

Археоляг Сяргей Тарасаў колісь праводзіў дасьледчыя працы на тэрыторыі, на якой цяпер цяжкая тэхніка месіць культурны пласт з брудам. Ён таксама зьдзіўлены сучасным падыходам да дэкляраванага «захаваньня спадчыны»:

«Тут шмат што ёсьць, што захавалася. Мы, калі праводзілі раскопкі крыху далей, у бок Сьвіслачы, то там траплялі на гэтыя рэшткі ХVII стагодзьдзя. Тут увогуле паўсюдна так званы гэты археалягічны культурны пласт».

Карэспандэнт: «То бок, фактычна трэба было б агароджваць тэрыторыю, запрашаць археолягаў…»

«Безумоўна, і трэба праводзіць буйнамаштабныя дасьледаваньні на гэтым месцы. Тым больш, тут нішто не замінае. Ізаляваная тэрыторыя, на гэтай тэрыторыі не стаяць ніякія будынкі, якія ўяўлялі б пагрозу для археоляга, каб не абвалілася. Так што тут усё гэта мажліва, і трэба гэта рабіць. З досьведу нашай працы, дык перад тым, як праводзіць нейкія раскопкі, у абавязковым парадку заключалі дамову, праводзілі архіўныя пошукі — дзе капалася, што шукалася, дзе якія будынкі стаялі. І толькі пасьля гэтага здымалі ў скрайнім выпадку толькі верхні, наносны, пласт ХХ стагодзьдзя. А ўжо потым працавалі выключна рыдлёўкамі».

Паводле: Ігар Карней, Радыё Свабода

Глядзі яшчэ:
Бураць вуліцу Гандлёвую ў Менску