У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў гукарэжысёраў будуць вучыць на жывым матэрыяле вядомых музыкаў.

«Гэта робіцца для таго, каб мне не скачвалі з інтэрнэту нейкія незразумелыя трэкі незразумелых гуртоў, а працавалі з якасным айчынным матэрыялам, — тлумачыць ідэю яе аўтар выкладчык гукарэжысуры Акадэміі Багдан Пяцэвіч. — Будзем даваць заданне, напрыклад, кожны студэнт будзе зводзіць па адной песні музыкаў, а потым гэтыя музыкі будуць запрашацца на праслухоўванне. Будуць такія двухбаковыя стасункі, калі музыкі змогуць даваць свае ацэнкі пачутаму, дзяліцца досведам і г.д. Натуральна, мы не ставім задачы здзівіць усіх, бо мы толькі вучымся працаваць з гукам, а гэта і ёсць мэта. У любым выпадку, гэта будзе добры досвед для студэнтаў і напрацоўка зваротнай сувязі».

Задачы для студэнтаў могуць змяняцца. Багдан не выключае, што які-небудзь беларускі хіт студэнты могуць, напрыклад, рэміксаваць так, што гэта спадабаецца самім музыкам. А адпаведна, яны змогуць працягнуць супрацоўніцтва, ці варыянт «вучэбнага трэка» можа выйсці ў якім-небудзь рэлізе.

Дэбютны ўрок такога кшталту праходзіць з удзелам Аляксандра Памідорава і яго праекта «Пьяные гости». У студыі Акадэміі мастацтваў імітуюць жывы выступ у радыёэфіры. Будучыя гукарэжысёры вучацца выстаўляць апаратуру, настройваць гук, а пасля будуць працаваць над звядзеннем канцэртнага запісу.

«Перш за ўсё, гэта цікава, — тлумачыць сваю згоду паўдзельнічаць у эксперыменце Аляксандр Памідораў. — Людзі, якія вучацца, мусяць разумець, што яны ўвогуле робяць у студыі. Не проста прыйшоў, сеў, запісаў, змантаваў! Чым раней яны сутыкнуцца з жывымі рэчамі, тым лепей. Напрыклад, чуюць яны чалавека па радыё, бачаць на тэлебачанні, ці ў газетах, і тут ён прыходзіць у студыю. Паводзіны могуць быць рознымі. Да таго ж, мне вельмі хочацца верыць, што з гэтага можа нешта развіцца. Не нейкі банальны конкурс «хто лепей», бо спаборніцтваў нам не трэба. Трэба навучыць людзей, бо ў нас вялікая праблема з гукам. Ёсць пэўная агульная карцінка гуку расійскага, пэўныя прынцыпы польскага ці нямецкага гучання, а беларускай фішкі ў нас пакуль не атрымліваецца».

На думку Памідорава, беларускія рокеры, а, магчыма, і прадстаўнікі эстрады, з задавальненнем пагодзяцца паўдзельнічаць у такім эксперыменце. Бо ім самім такое супрацоўніцтва на руку, калі-небудзь ім усё адно разам працаваць. Лепшыя студэнцкія варыянты сваіх песень музыка абяцае абавязкова выкарыстаць, праўда, пакуль не ведае дзе і як, бо «трэба ж іх пачуць».

Хто будзе наступным госцем заняткаў па гукарэжысуры, пакуль не вядома. Багдан Пяцэвіч хоча спачатку ўсё дакладна прадумаць і зразумець, як лепш пабудаваць такое супрацоўніцтва. Але ў любым выпадку студыя Акадэміі мастацтваў дазваляе запісваць толькі акустыку і ў невялікім складзе, таму прыкладны музычны фармат ужо можна ўявіць. Ды і абсталяванне для студэнтаў не лепшае: пры тым, што мікрафоны, напрыклад, каштуюць немалых грошай, замацоўваюцца яны на дабітых стойках і выключна з дапамогай скотча.

«Калі ў такіх умовах навучацца выбудоўваць гук, то ў рэальных — дакладна атрымаецца», — жартуюць «Пьяные гости».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?