Пятро Міклашэвіч

Рыгор Васілевіч

Сёньня ў часе пазачарговай сэсіі Савет рэспублікі НС даў згоду на прызначэньне былога генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча судзьдзём і старшынём Канстытуцыйнага суду, а былога судзьдзі і старшыні Канстытуцуйнага суду Рыгора Васілевіча — генэральным пракурорам. Абодва былі «ўзгодненыя» адзінагалосна.

Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Папкоў знайшоў добрыя словы для абодвух віноўнікаў пазачарговай сэсіі.

Папкоў адзначыў, што пад кіраўніцтвам Пятра Міклашэвіча «органы пракуратуры эфэктыўна рэалізавалі канстытуцыйныя паўнамоцтвы па ажыцьцяўленьні нагляду за законнасьцю ў розных сфэрах жыцьцядзейнасьці нашай дзяржавы і грамадзтва».

Пятро Міклашвэіч зрабіў вялікі асабісты ўнёсак ва ўдасканальваньне работы органаў пракуратуры па выкараненьні злачыннасьці і карупцыі. Няма ніякага сумневу, што і ў новай якасьці ён зможа актывізаваць дзейнасьць Канстытуцыйнага суду, накіраваную на абарону канстытуцыйнага ладу й асноўнага закону Беларусі, сказаў Аляксандар Папкоў.

Прадстаўляючы Рыгора Васілевіча, Папкоў назваў адметнай рысай ягонай прафэсійнай дзейнасьці тое, што ён заўжды па‑дзяржаўнаму, адказна падыходзіць да выкананьня сваіх абавязкаў. Паводле Аляксандра Папкова, гэтая якасьць будзе ў поўнай меры запатрабаваная. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі пэўны, што Рыгор Васілевіч «годна справіцца з задачамі, ускладзенымі на органы пракуратуры».

«Няма сумневу, што ён з уласьцівай яму мэтаскіраванасьцю і дзелавітасьцю зможа накіраваць пракурорскі корпус на дасягненьне высокіх вынікаў», — лічыць Аляксандар Папкоў.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0