Беларусь падтрымала выніковую дэкларацыю саміту Усходняга партнёрства з агаворкамі. Пра гэта паведаміў 22 мая ў Рызе міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Паводле яго слоў, Беларусь папрасіла далучыць да дэкларацыі спецыяльную пісьмовую заяву аб тым, што не прымае «канкрэтныя параграфы, у якіх ёсць канфрантацыйныя пасылы ў адрас трэціх краін». 

У заключным варыянце дэкларацыі саміту няма слоў аб незаконнай анексіі Крыма, сказаў Макей. «Ёсць толькі словы аб тым, што краіны ЕС — гэта іх права — заяўляюць, што не прызнаюць падзеі, звязаныя з Крымам. Краіны Усходняга партнёрства выказалі сваю пазіцыю ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН, якая была прынятая ў мінулым годзе», — паведаміў міністр. 

Макей падкрэсліў: Беларусь заўсёды лічыла і лічыць, што Усходняе партнёрства і мерапрыемствы ў яго межах павінны быць нацэленыя на ўдасканаленне супрацоўніцтва краін ў межах ініцыятывы. 

«Гэтая ініцыятыва павінна прыносіць канкрэтную карысць краінам-удзельніцам, павінна спрыяць умацаванню стабільнасці, бяспекі і спакою ў рэгіёне і на кантыненце ў цэлым, — заявіў Макей. — Гэтая ініцыятыва не павінна ствараць новых раздзяляльных ліній у Еўропе, не павінна ўспрымацца з нейкай заклапочанасцю суседзямі суседзяў, як выказваюцца ў Еўрасаюзе. Маецца на ўвазе тымі, хто не мяжуе наўпрост з ЕС. І мы заўсёды на ўсіх сустрэчах, на ўсіх узроўнях прапаведавалі менавіта такі падыход».

«На жаль, — дадаў міністр, — некаторыя нашы партнёры лічаць, што нейкія эмацыянальныя гучныя заявы дапамогуць вырашыць праблемы, якія патрабуюць штодзённых настойлівых велізарных намаганняў. Яны паспрабавалі ўключыць гучныя заявы, якія абвінавачваюць нейкія бакі, у заключную дэкларацыю Рыжскага саміту. І паспрабавалі гэта прадставіць такім чынам, што ўсе праблемы, галоўныя хваробы Усходняга партнёрства, заключаюцца толькі ў знешніх фактарах. Зусім не. Гэта не толькі знешнія фактары. Вельмі шмат залежала і залежыць ад ЕС. І перш чым ківаць на кагосьці, трэба паглядзець на сябе». 

У прыватнасці, адзначыў Макей, калі прыгадаць Вільнюскі саміт (28—29 лістапада 2013 года), на ім перад тагачасным прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам быў пастаўлены жорсткі выбар. «Былому прэзідэнту Януковічу выразна сказалі: вы або падпісваеце пагадненне аб асацыяцыі, або ж апыняцеся дзесьці на іншым баку. І яшчэ было сказана: мы вас падтрымліваем, але мы вам не будзем дапамагаць. Што заставалася спадару Януковічу? Толькі шукаць падтрымку ў тых, хто быў гатовы дапамагаць», — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі. 

«Таму не толькі знешнія фактары прывялі сёння да той сітуацыі, калі Усходняе партнёрства фактычна знаходзіцца на разломе і ў пошуках далейшага шляху развіцця, а і ўнутраныя фактары, — падкрэсліў Макей. — І гэта трэба шчыра прызнаць. І мы аб гэтым заўсёды гаварылі нашым партнёрам, і гэта выразна прагучала ў нашым сённяшнім выступленні на саміце». 

Паводле слоў міністра, галоўнае ў гэтай сітуацыі — «не зрабіць гучную заяву ў адрас кагосьці, а паспрабаваць вырашыць тыя праблемы, якія сёння з'яўляюцца актуальнымі для кантынента, а менавіта забяспечыць мір, стабільнасць і бяспеку ў рэгіёне». У першую чаргу неабходна вырашыць украінскі крызіс, заявіў Макей. 

«Таму мы першапачаткова былі супраць канфрантацыйных такіх прапаноў, — патлумачыў ён. — Мы першапачаткова выступалі за тое, каб фармулёўкі былі арыентаваныя на далейшае развіццё Усходняга партнёрства, якое магло б спрыяць развіццю нашых краін. Таму, натуральна, для нас заключная версія дэкларацыі была непрымальная. Таму, з улікам таго, што ў гэтай дэкларацыі ўтрымліваецца шэраг важных для Беларусі момантаў, якія ацэньваюць і дасягненні Беларусі і намячаюць нейкія перспектывы супрацоўніцтва з Беларуссю на будучыню, мы ў цэлым падтрымалі яе, але зрабілі выразную інтэрпрэтуючую заяву адносна непрымальных для нас пасажаў у гэтай дэкларацыі».

Аб тым, што сярод удзельнікаў саміту ўзніклі рознагалоссі адносна тэксту дэкларацыі з-за фразы аб анексіі Крыма, стала вядома за дзень да пачатку сустрэчы. Паведамлялася, у прыватнасці, што падпісваць першапачатковы варыянт дэкларацыі адмовіліся Беларусь і Арменія. 

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 22 мая на з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў Мінску, заявіў: Беларусь прынцыпова не стане падпісваць дакументы саміту Усходняга партнёрства, у якіх будзе адкрыта ўтрымлівацца антырасійская пазіцыя. 

«Здавалася б, украінскія падзеі павінны былі не многіх, а ўсіх навучыць, які крохкі мір, як трэба берагчы гэты мір. Трэба вырашаць праблему Украіны, Грузіі. Але не, сабраліся на Усходнім партнёрстве — у кожным дакуменце давай клеймаваць ганьбай Расію, не прама, дык ускосна. Мы катэгарычна заўсёды былі супраць таго, каб Усходняе партнёрства было супраць кагосьці», — заявіў ён. 

«Калі ЕС хоча з намі супрацоўнічаць ва Усходнім партнёрстве, давайце будзем гэта рабіць. Але Расія не ўдзельнічае ва Усходнім партнёрстве, чаму завочна, без Расіі, мы яе павінны дубасіць, у тым ліку за Крым? На нас крыўдзяцца, што мы гэта не падтрымалі [падпісанне дакументаў УП, у якіх згадвалася анексія Крыма Расіяй]. Гэта мая прынцыповая пазіцыя», — падкрэсліў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?