13 лютага ў Вярхоўным судзе на працэсе па справе былога старшыні канцэрна «Белнафтахім» Аляксандра Бароўскага, які абвінавачваецца на падставе часткі 3 артыкула 424 Крымінальнага кодэкса, пачаўся этап судовага следства.

Характар выстаўленага А.Бароўскаму абвінавачання аб\’явіў дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Целяжэвіч. Абвінавачанне сцвярджае, што 23 сакавіка 2007 года А.Бароўскі, выкарыстаўшы сваё становішча, даў указанні генеральнаму дырэктару ААТ «Нафтан» і свайму намесніку адмовіцца ад заключэння кантракта на пастаўку на беларускія прадпрыемствы расійскай кампаніяй «ТНК» 80 тысяч тон нафты маркі «лёгкая» па цане 330 долараў за тону без ПДК. Дзеянні Бароўскага абвінавачанне расцэньвае як зробленыя ў інтарэсах аднаго з беларускіх камерцыйных прадпрыемстваў.

Абвінавачанне канстатуе, што ў выніку ўмяшання А.Бароўскага ў гаспадарчую дзейнасць «Нафтана» прадпрыемства было вымушана 28 сакавіка закупіць 80 тысяч тон «лёгкай» нафты ў двух беларускіх камерцыйных прадпрыемстваў па 350 долараў за тону без ПДК — на 20 долараў даражэй, чым у «ТНК».

Для аплаты вуглевадароднай сыравіны «Нафтан» прыцягнуў крэдыты і пералічыў на рахунак двух беларускіх ТАА 28 млн долараў, што на 1,6 млн. больш, чым магло быць па прамым кантракце з «ТНК». Па стане на 28 сакавіка 2007 года гэта складае 3 млрд. 428 млн. 800 тыс. рублёў.

Віну А.Бароўскі не прызнаў «у поўным аб\’ёме».

Пасля гэтага суд пачаў даследаванне доказаў па справе. Суддзя вырашыў, што спачатку будзе дапытаны абвінавачаны, затым даследаваны пісьмовыя матэрыялы справы, якія адносцяцца да фанаграмы праслуханых размоў з удзелам былога кіраўніка «Белнафтахіма», пасля будзе праведзены допыт сведкаў і г.д.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0