На пяты дзень галадоўкі шасці жыхароў выселенага дома прадстаўнікі магілёўскіх уладаў ініцыявалі сустрэчу з удзельнікамі акцыі пратэсту.

Нагадаем, 18 мая шэсць жыхароў выселенага дома па вуліцы Ленінскай, 59, аб'явілі галадоўку пратэсту з патрабаваннем вяртання ім асобнага жылля. Яны спрабуюць даказаць, што жылі ў жылым доме, а не ў інтэрнаце. Па прычыне старасці пабудовы яны былі пераселеныя ў інтэрнат па вуліцы Піянерскай. Як сцвярджаюць жыхары, у іх на руках ордэры, выдадзеныя ў 1970-х гадах, дзе ўказваецца, што яны атрымалі менавіта кватэры ў шматкватэрным жылым доме. Гарадскія ж улады лічаць, што стары дом быў інтэрнатам, і таму на асобныя кватэр жыхары права не маюць. Грамадзяне звярнуліся ў абласную пракуратуру і заявілі пра гатоўнасць аб'явіць галадоўку. У сакавіку нагляднае ведамства адмовіла ім у праве на асобныя кватэры, стаўшы на бок гарадскіх уладаў. Выселеныя жыхары, у сваю чаргу, заявілі пра падлог дакументаў. На другі дзень галадоўкі да адной з яе ўдзельніц прыязджала хуткая дапамога. 

Сёння ў 15.00 у інтэрнаце, дзе жывуць удзельнікі акцыі, намечана сустрэча з імі намеснікаў старшыні Магілёўскага гарвыканкама Андрэя Кунцэвіча і Сяргея Дзядовіча. У ёй таксама возьме ўдзел прадстаўнік абласнога ўпраўлення ЖКГ. Інфармацыю пра гэта пацвердзіў БелаПАН Андрэй Кунцэвіч. «Мы хочам паслухаць людзей. Галадоўка — гэта не вырашэнне праблемы. У нас прававая дзяржава, і калі нейкія спрэчныя пытанні ўзнікаюць, то яны павінны вырашацца выключна ў прававым полі, а не сілай і націскам», — заявіў ён.

«Сказалі, што хочуць прыйсці да нас для перамоў», — паведаміла адна з удзельніц галадоўкі Наталля Кастагладава, адзначыўшы, што самаадчуванне ва ўсіх усё больш пагаршаецца. «Усім усё горш і горш становіцца. Ужо ад вады нудзіць пачынае, а выніку ніякага — ніхто не хоча цікавіцца. Хоць сёння праявілі нейкі рух», — сказала яна.

Адзначым, што ўчора актывісты незалежнага прафсаюза РЭП стварылі групу маральнай падтрымкі ўдзельнікаў галадоўкі. Паводле слоў Кастагладавай, галадоўшчыкі адчуваюць ад іх увагу і дапамогу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?