Польская студыя Jujubee анансавала відэагульню «Kursk», прысвечаную трагедыі расійскай падлодкі.

Гульня змяшае жанры экшну ад першай асобы, survival (гульні на выжыванне) і інтэрактыўнага фільма. Трагедыю абяцаюць паказаць «з новага пункту гледжання».

«Аб рэальным лёсе гэтай рускай падлодкі ўсё яшчэ ідуць спрэчкі, і нашай гульнёй мы спадзяемся задаць некаторыя пытанні і адказаць на іх», — кажа Міхал Стэпень, дырэктар Jujubee.

Хаця гульня ёсць першым вялікім праектам студыі, Jujubee мае дасведчаных супрацоўнікаў са студый CD Projekt RED (стваральнікаў серыі «Вядзьмак»), Traveller’s Tales (гульні пад брэндам Lego) і распрацоўшчыка мабільных гульняў Infinite Dreams.

Пра «Kursk» сёння вядома даволі мала. Яна выйдзе для Windows, MacOS, PlayStation 4 і Xbox One (дата не паведамляецца) і будзе нацэленая на дарослую аўдыторыю.

Пакуль немагчыма ацаніць, наколькі этычным будзе сюжэт гульні. Але ў Расіі «Kursk» ужо выклікала хвалю абурэння.

Расійская «Камсамольская праўда» лічыць, што трэйлер гульні можа «давесці да бальніцы», галоўны рэдактар IGN Russia назваў распрацоўшчыкаў «прагнымі вылюдкамі», а ў каментарах да трэйлера палякам прапанавалі зрабіць гульню пра выжыванне Леха Качыньскага ў катастрофе пад Смаленскам, пералічвае TJournal.

Гульні, што маюць жорсткі змест у дачыненні да расейцаў, у Расіі могуць быць знятыя з продажу ці адцэнзураваныя. Напрыклад, гульня Company of Heroes 2 была знятая з продажу расійскім выдаўцом за эпізоды з расстрэлам Чырвонай арміяй польскіх партызанаў і забойства дэзертыраў. У рускай версіі гульні Call of Duty: Modern Warfare 2 была выразаная місія «Ні слова па-руску», у якой тэрарысты расстрэльваюць людзей у маскоўскім аэрапорце.

***

Выбух на атамнай падлодцы «Курск» адбыўся 12 жніўня 2000 года. Па афіцыйнай версіі, узарвалася вучэбная тарпеда. Уратаваць экіпаж не ўдалося, са дна паднялі целы 115 са 118 падводнікаў. На пытанне вядоўцы CNN Лары Кінга пра тое, што здарылася з падлодкай, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сцісла адказаў: «Яна патанула».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?