У Беларусі істотна вырасла колькасць зафіксаваных адміністратыўных парушэнняў. Паводле дадзеных Белстата, летась іх было зарэгістравана 3,97 мільёна, гэта гістарычны максімум.
Галоўная прычына — усё больш частае выкарыстанне сістэм фота- і відэафіксацыі парушальнікаў хуткасці. У 2014 годзе было зафіксавана 1,63 мільёна такіх парушэнняў. Гэтая лічба вырасла за год амаль удвая.
Перавышэнне хуткасці засталося самым частым адміністратыўным парушэннем у краіне. Яно фіксуецца ў сярэднім кожныя 19,3 секунды.
Агулам жа «аўтамабільным» парушэннем (стаянка ў забароненым месцы, парушэнне ПДР пешаходамі, ДТЗ, кіраванне аўто ў нецвярозым выглядзе) прысвечана 68% усіх складзеных за год пратаколаў.
Таксама часта караюць за распіццё алкагольных напояў у грамадскіх месцах (326 тысяч пратаколаў; 8,2% ад усіх парушэнняў) і дробнае хуліганства (108 тысяч пратаколаў; 2,7%).