Юры Кулакоўскі

У Беларусі для забеспячэння больш поўнай абароны правоў журналістаў наспела неабходнасць унесці некаторыя папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. Такую думку ў размове з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Юрый Кулакоўскі.

«Паводле існуючага сёння закона, на журналіста могуць падаць у суд праз 10 і праз 20 гадоў пасля выхаду ў свет яго публікацыі. Павінен быць устаноўлены тэрмін даўнасці для звароту ў суд таго, каго не задавальняе публікацыя, напрыклад, на працягу года», — лічыць парламентарый.

Пажадана таксама, дадаў ён, стварыць у рэспубліцы пэўны кодэкс паводзін журналіста. «Мы, напэўна, яшчэ не дайшлі да гэтага, але гэта трэба рабіць. Журналіст павінен разумець, што мяне можна здымаць у рабочым кабінеце ў час выканання службовых абавязкаў, але не трэба здымаць, калі я наведваю гастраном, і паведамляць чытачам, што я там купляю», — адзначыў Юрый Кулакоўскі.

На яго думку, дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі з’яўляюцца самымі свабоднымі ў сваёй дзейнасці.

«Я лічу, што больш свабодных сродкаў масавай інфармацыі, чым дзяржаўныя, няма. Мы цудоўна разумеем, што той, хто плаціць, той і заказвае музыку. Дзяржаўным СМІ не паступае спецыяльных заказаў некага «раскруціць» або некага абліць граззю за канкрэтныя канверты грошай», — сказаў дэпутат.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0