Вячаслаў Францавіч хлусіць. Прычым хлусіць падлавата, бо цудоўна ведае, што ні Пазняку, ні мне, ні каму-небудзь іншаму з тагачаснага кіраўніцтва БНФ ці дэпутацкай фракцыі дзяржаўнае тэлебачанне (увогуле афіцыйная прэса) не дасць магчымасці абвергнуць ягоныя словы.

Некалькі гадоў таму Кебіч заяўляў, што нібыта бачыў кінастужку, дзе мы на плошчы заклікалі страляць і вешаць камуністаў; газета «КП ў Беларусі» надрукавала гэтую ахінею без каментароў. Хаця зразумела: калі б такія здымкі былі, іх бы ўжо дзесяткі разоў пракруцілі па тым жа БТ.

А наконт Палесся — Кебіча падводзіць памяць. БНФ выступаў за незалежную і непадзельную Беларусь яшчэ тады, калі Кебіч агітаваў за захаванне СССР. Якраз у Пінску ў нас была вельмі моцная суполка БНФ на чале зь Яўгенам Шатохіным – вялікім патрыётам Беларусі, адным з герояў кнігі Уладзіміра Арлова «Імёны Свабоды».

А вось хто нязменна мусіраваў тэму Палесьця (ў розных варыяцыях) - гэта такі Мікола Шаляговіч, які ўваходзіў у створанае (у альтэрнатыву БНФ) супрацоўнікам Саўміну Сяргеем Гайдукевічам так званае «Народное движение Белоруссии», якое і падтрымала на выбарах 1994 года Кебіча. Я адмыслова не перакладаю назву, бо ўсе афіцыйныя пракламацыі гэтай арганізацыі выходзілі выключна па-расейску, беларуская мова адмыслова ігнаравалася. (Нядаўна Шаляговіч так патлумачыў свой там удзел: «Народное движение Белоруссии, в котором я состоял с 1992 года и являлся первым заместителем председателя, было патриотическим движением той части жителей Белоруссии, которые считали себя — не частью России, а частью единого — для великорусов, украинцев, ятвягов, белорусов/литвинов — русского контекста»).

Магу дадаць, што водпаведзь Шаляговічу ў прэсе і з трыбуны Вярхоўнага Савета давалі Ніл Гілевіч і дэпутаты Апазіцыі БНФ, а абараняў Шэляговіча дэпутат Лукашэнка. Апошняе, што я чытаў пра Шаляговіча – гэта прапанова ўключыць Беларусь у склад Расеі. У нечым гэта перагукаецца з апошняй кнігай Кебіча, якая ці не ўся – пакаянне за ўдзел у падпісанні Белавежскіх пагадненняў. Якое, як лічыць Кебіч, ён усё ж часткова кампенсаваў удзелам разам з Лукашэнкам на адным баку барыкадаў у змаганні з Беларускім Народным Фронтам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?