На гэтым тыдні ў Беларусі чакаецца няўстойлівае надвор'е з ліўнямі і навальніцамі, паведаміў БелаПАН начальнік службы Белгідрамета Дзмітрый Рабаў.

«З аўторка па чацвер у сувязі з праходжаннем праз нашу краіну актыўных франтоў атмасфера будзе валодаць вялікай тэрмадынамічнай няўстойлівасцю і падзеліць краіну на дзве паветраныя масы, што прывядзе да вялікай разбежкі тэмпературнага фону паміж захадам і усходам», — зазначыў сіноптык.

У аўторак, 26 мая, на большай частцы тэрыторыі кароткачасовыя дажджы, навальніцы, месцамі моцныя ліўні. Днём у асобных раёнах град, шквалістае ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с. Тэмпература паветра ноччу плюс 9—15°С, днём плюс 24—29°С, па паўночным захадзе плюс 21—23°С. 

У сераду на большай частцы тэрыторыі дажджы, месцамі навальніцы і моцныя дажджы. Пры навальніцах узмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с.

Тэмпература паветра ноччу плюс 9—15°С, па ўсходзе да плюс 17°С, днём ад плюс 11°С па захадзе да плюс 28°С па ўсходзе краіны. 

«У чацвер атмасферны фронт будзе павольна адыходзіць на тэрыторыю Расіі, вецер паверне на паўночны захад, і з Балтыкі пачнуць распаўсюджвацца больш свежыя паветраныя масы», — паведаміў Рабаў. Ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём па паўночна-ўсходняй палове краіны кароткачасовыя дажджы, ноччу месцамі моцныя дажджы. У асобных раёнах навальніцы. Ноччу пры навальніцах узмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Тэмпература паветра ноччу ад плюс 5°С па захадзе да плюс 15°С па ўсходзе, днём плюс 14—19°С. 

Як паведаміў спецыяліст, з пятніцы і да канца тыдня Беларусь застанецца ва ўмерана цёплай паветранай масе.

З ростам атмасфернага ціску франтальныя сістэмы страцяць сваю актыўнасць, кароткачасовыя дажджы пройдуць месцамі. 

У пятніцу ноччу пераважна без ападкаў, днём у асобных раёнах кароткачасовыя дажджы, магчымыя навальніцы. Тэмпература паветра ноччу плюс 3—10°С, у заходніх раёнах на глебе месцамі слабыя замаразкі да 0 — мінус 2°С, тэмпература паветра днём плюс 15—22°С. 

У суботу і нядзелю месцамі кароткачасовыя дажджы, днём магчымыя навальніцы. Тэмпература паветра ноччу плюс 5—12°С, днём плюс 17—24°С, па поўдні да плюс 26°С.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?