Усе 18 пасажыраў і члены экіпажу самалёта, які перавярнуўся ў аэрапорце Ерэвана, жывыя. Самалёт мусіў ляцець па маршруце Ерэван‑Менск. Начальнік Галоўнай управы грамадзкай авіяцыі Арменіі Арцём Маўсісян паведаміў, што ёсьць параненыя.

Паводле папярэдняй інфармацыі начальніка ГУГА, самалёт кампаніі «Белавія» «CRJ‑100‑M» рэйсу В2‑1834 падчас узьлёту сышоў з паласы. Затым самалёт перакуліўся некалькі разоў, грымнуў выбух і адначасова пачаўся пажар. Самалёт раскалоўся на дзьве часткі. Служба ратаваньня, пажарная служба і хуткая дапамога аэрапорту зрэагавалі імгненна.

«Дзякуючы іх умелым дзеяньням усе 18 пасажыраў, а таксама 3 члены экіпажу былі вынесены з агню», — сказаў Маўсісян.

Катастрофа ў Ерэванскім аэрапорце адбылася ў 4:15 раніцы па ерэванскім часе (2:15 па менскім).

Паводле інфармацыі АрмІнфо, у сувязі катастрофай самалёта кампаніі «Белавія» Ерэванскі аэрапорт «Звартноц» быў зачынены да 11:45 па ерэванскім часе (9:45 па менскім).

Сталі вядомыя імёны ўсіх 18 пасажыраў: Ерэмян Сурэн, Ерэмян Епраксія, Ерыцян Сцепан, Вардапецян Спартак, Манукян Санасар, Уладзімер Акопаў, Мамян Андранік, Цэванян Сасун, Хачатуран Ліяна, Макаран Ара, Авагян Ашот, Бадалян Дыяна, Аванесян Эдуард, Аванесян Рыма, Бабаян Эрык, Кіракасян Альбэрт, Закарян Ваге, Амбарцумян Салбі. Рэйсам ляцелі грамадзяне Армэніі, Беларусі, Грузіі, Расеі і Ўкраіны.

У больніцы былі дастаўленыя адзінаццаць чалавек з раненьнямі рознай ступені цяжкасьці, шэсьць зь іх ужо выпісаныя.

Спэцыялісты Міністэрства транспарту, дэпартамэнту і авіякампаніі «Белавія» накіроўваюцца ў Ерэван для ўдзелу ў расьсьледаваньні прычынаў аварыі.

Па факце авіякатастрофы Галоўная сьледчая ўправа паліцыі Армэніі ўзбудзіла крымінальную справу.

Армянскія спэцыялісты распачалі расшыфроўку «чорных скрыняў». Начальнік Галоўнай управы грамадзкай авіяцыі Армэніі Арцём Маўсісян паведаміў, што на дапамогу будуць пакліканыя канадзкія і беларускія адмыслоўцы, бо армянскія спэцыялісты недастаткова знаёмыя з дадзенай маркай самалёта. Ён адзначыў таксама, што папярэдняя мэдэкспэртыза не выявіла ў крыві пілётаў алькаголю.

Авіякампанія «Белавія» стварыла штаб для каардынацыі сувязі з роднымі і блізкімі пацярпелых (тэлефоны ў Беларусі: +375‑17‑279‑1151, +375‑17‑328‑65‑14; у Армэніі: + 374‑10‑577‑474).

Сямён Печанко

Фота Меліка Багдасарана, AP

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0