Беларусі і Еўрасаюзу засталося ўзгадніць толькі некаторыя тэхнічныя моманты па спрашчэнні візавых працэдур.

Пра гэта паведаміў сёння начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Беларусі Ігар Фісенка ў час анлайн-канферэнцыі «Адпачынак за мяжой: як пазбегнуць праблем» на сайце БЕЛТА.

«Перагаворы падыходзяць да завяршэння, але застаўся шэраг тэхнічных момантаў, якія маюць патрэбу ва ўзгадненні. Пакуль ніякіх часавых рамак я не ўстанаўліваў бы. Праца працягваецца», — сказаў Ігар Фісенка.

Ён таксама растлумачыў, што размова ідзе менавіта пра спрашчэнне візавых працэдур. Прадугледжваюцца невялікае зніжэнне візавага збору, упарадкаванне пераліку дакументаў, неабходных для атрымання візы.

«Таксама гэта ўзаемная дамоўленасць, што пэўная колькасць віз для ўдзельнікаў розных абменаў, гуманітарных кантактаў і гэтак далей будзе выдавацца бясплатна», — сказаў Ігар Фісенка. Ён нагадаў, што з лістапада 2014 года паміж Беларуссю і ЕС адбылося тры раўнды кансультацый па праектах пагадненняў аб спрашчэнні візавых фармальнасцей і аб рэадмісіі. Бакі таксама правялі канструктыўную работу па ўзгадненні дэкларацыі «Партнёрства дзеля мабільнасці», накіраванай на ўмацаванне ўзаемадзеяння ў міграцыйнай сферы.

«Беларусь паслядоўна адстойвае ідэю прымянення з боку ЕС у разглядаемых дакументах па візавых пытаннях стандартных недыскрымінацыйных умоў, такіх жа, якія прымяняюцца Еўрасаюзам у адносінах да іншых дзяржаў — удзельніц «Усходняга партнёрства». Адначасова вядзецца работа па паглыбленні супрацоўніцтва з ЕС у галіне процідзеяння незаконнай міграцыі і эфектыўнага кіравання працоўнай міграцыяй. Гэтыя кірункі вельмі важныя для нашай краіны, і мы зацікаўлены ў больш хуткім фармаванні прававых інструментаў узаемадзеяння па гэтай тэматыцы», — дадаў прадстаўнік МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0