Хворы Ясь застанецца ў Польшчы — чытаем у выданьні «Gazeta Wyborcza». Мы апісвалі ўжо гісторыю 10‑месячнага хлопчыка, хворага на мукавісцыдоз — генэтычную хваробу. Яся нарадзіла беларуска ў Любліне й пакінула дзіця ў шпіталі. На нейкі час хлопца ўзяла да сябе маладая жыхарка Гдыні, але пазьней адмовілася ад яго. Хвароба Яся не выклікае псыхічнай адсталасьці, але патрабуе пастаяннай апекі й дарагога лячэньня.

Беларускія ўлады вырашылі, што Ясь павінен вярнуцца ў Беларусь. Люблінскі суд прыняў рашэньне аб дэпартацыі на падставе польска‑беларускага пагадненьня. Інакш мяркуюць польскія праваабаронцы. На іхную думку, суд павінен узяць пад увагу перш за ўсё дабро дзіцяці, якое ня можа ў такім стане трапіць у дзіцячы дом. Справай Яся цікавіцца пракуратура. Магчыма, ён пазьбегне дэпартацыі, калі пракуратура ўнясе апэляцыю.

Прадстаўнік беларускай амбасады Дзьмітры Выбарны тлумачыць, што Ясь трапіць у мэдычны цэнтар у Горадні, які спэцыялізуецца ў лячэньні мукавісцыдозу. Беларускія ўлады намераныя таксама пашукаць яму прыёмную сям’ю.

Пакуль што хлопчыка вырашылі выслаць на спэцыяльнае абсьледаваньне ў Гданьск. За тое, каб пакінуць Яся ў Польшчы, змагаецца фундацыя Матыё, якая памагае сем’ям хворых на мукавісцыдоз. «Я перакананы, што ў Польшчы Ясь будзе мець лепшую апеку, чым у Беларусі,» — лічыць старшыня Матыё Павал Вайтовіч. Яго словы прыводзіць «Gazeta Wyborcza».

Газэта «Dziennik» піша, што дзіцячы дом у Горадні, куды мог бы трапіць Ясь, наведала беларуская журналістка. Будынак стаіць у сасновым лесе на беразе Нёмана, непадалёк ад цэнтру гораду. У групе двух‑ і трохгадовых малышоў ёсьць васьмёра дзяцей, якімі займаюцца двое выхавальнікаў, лекар і фізыатэрапэўт. Дзеці даверлівыя, ахвотна размаўляюць з госьцем. Не відаць, каб былі хворыя. Галоўны лекар Клаўдзія Краўчык падкрэсьлівае, што лекары падрыхтаваныя да апекі над хворымі дзецьмі. А маці Яся званіла два тыдні таму ў цэнтар, пытала, ці хлопчык ужо прыехаў.

Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0