Сёньня, 14 лютага, царква ўспамінае, перадусім, Сьвятых Кірылу й Мятода і Сьвятога Валянціна — апекуна закаханых.

Гістарычныя зьвесткі пра яго нешматлікія. У «Рымскім мартыралёгу» пад датай 14 лютага ён узгадваецца двойчы: як рымскі сьвятар, якому сьцялі галаву ў часы панаваньня цэзара Клаўдзія ІІ Готыка ў 269 годзе, а таксама як біскуп Тэрні пад Рымам, які пасля доўгіх катаваньняў быў перавезены ў Рым і там пакараны сьмерцю. Мяркуюць, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра адну і тую ж асобу, якую ўшаноўваюць і ў Рыме, і ў Тэрні.

Існуюць доказы таго, што ўжо ў IV стагодзьдзі труна Сьвятога Валянціна ў Рыме была месцам асаблівага культу. Папа Юлі (337—352) пабудаваў над труною базыліку. Валянцін быў прызнаны асаблівым апекуном хворых на нэрвовыя хваробы і падучую, бо колісь збаўляў гэткіх хворых…

Ёсьць таксама зьвесткі, што ў часы панаваньня цэзара мужчыны не хацелі йсьці ў войска. Цэзар зрабіў выснову, што прычынай такіх паводзінаў было нежаданьне мужчын пакідаць сваіх нявест і жонак. Таму ён адмяніў усе заплянаваныя заручыны і шлюбы. Сьвятар Валянцін дапамагаў парам, якія хацелі ажаніцца, і рабіў гэта патаемна. Гэтак ён адстойваў біблейскі запавет Deus caritas est — Бог ёсьць Любоўю.

Аднак Валянціна прысудзілі да пакараньня сьмерцю. Яго мардавалі, пакуль ён не сканаў, пасьля чаго сьцялі галаву. Гэта адбылося 14 лютага 269 году — у дзень, калі праводзіліся так званыя «любоўныя лятарэі». Легенда дадае, што перад пакараньнем, у турме, Валянцін пасябраваў з дачкою вартаўніка, якая наведвала яго і падтрымлівала духоўна. У знак удзячнасьці ён пакінуў ёй на разьвітаньне ліст у форме сэрца, на якім напісаў: «Ад твайго Валянціна». Ажно ў 1496 г. Папа Аляксандар VI абвясціў Сьвятога Валянціна апекуном закаханых.

Аднак пачаткі сёньняшніх «валянцінак» трэба шукаць не ў хрысьціянстве, а ў язычніцкім Рыме. Гэтая дата была абрана самой прыродай: у сярэдзіне лютага птушкі, якія гнездаваліся ў Вечным Горадзе, распачыналі любоўныя залёты і аб’ядноўваліся ў пары. Гэта лічылася сымбалічным абуджэньнем прыроды, якое прадвяшчала хуткі прыход вясны. Па гэтай прычыне на 15 лютага рымляне вызначалі дату сьвяткаваньня т. зв. «луперкаліяў» (ад лац. Lupercalia) — фэсту на ўшанаваньне бога плоднасьці Фаўна Луперка.

Напярэдадні сьвяткаваньня праводзілася любоўная латарэя: імёны дзяўчат запісваліся на лістках паперы, пасля чаго іх лёсавалі хлопцы — такім чынам гэтыя дзяўчаты станавіліся іх партнёршамі на час «луперкаліяў». Здаралася, што з гэтага часу пары сустракаліся на працягу цэлага году альбо нават заставаліся адно з адным на ўсё жыцьцё.

14 лютага дзяўчаты стараліся адгадаць, за каго выйдуць замуж. Для таго, каб пра гэта даведацца, яны назіралі за птушкамі. Калі дзяўчына найперш убачыла малінаўку, гэта азначала, што яна выйдзе за марака, калі вераб’я — за беднага, але яна магла быць упэўнена, што яе сужэнства будзе шчаслівым, калі пабачыць уюрка — яе рукі папросіць багаты чалавек.

Жыхары Валіі ў гэты дзень дарылі адно аднаму драўляныя лыжкі з выразанымі на іх сэрцамі, ключамі й замочнымі адтулінамі. Падарунак замяняў выказаную словамі просьбу: «Адчыні маё сэрца».

З XVI стагодзьдзя ў дзень Сьвятога Валянціна жанчынам дарылі кветкі. Усё пачалося са сьвята, арганізаванага адной з дачок караля Францыі, Анры IV. Кожная зь дзяўчат атрымала тады букет кветак ад свайго шэвалье. Аднак перадусім кавалер 14 лютага абавязаны быў выслаць сваёй каханай пранікнёны ліст — «валянцінку». Гэты звычай прыжыўся нават пры каралеўскім двары ў Парыжы.

«Валянцінкі» ўпрыгожвалі сэрцамі й купідонамі, пісалі на іх вершы. У XIX стагодзьдзі «валянцінкі» лічыліся самым рамантычным спосабам прызнаньня ў каханьні. Зьместам лістоў часта былі словы: «Ты будзеш маёй «валянцінкай».

Як і шмат чаго іншага, амэрыканцы прафанавалі й апошлілі нават гэта хрысьціянскае сьвята. У Штатах лісты‑валянцінкі сталі ананімнымі, таму яны заканчваліся пытаньнем: «Адгадай — хто?». У 1800 г. амерыканка Эстэр Гоўланд запачаткавала завядзёнку высыланьня гатовых «валянцінак». Ну, а там пайшло‑паехала…

Кожны год на радзіме Сьвятога Валянціна, у бліжэйшую да 14 лютага нядзелю ў катэдры ў Тэрні адбываецца Сьвята Заручынаў. Сотні заручаных параў, часам з розных бакоў сьвету, зьбіраюцца каля труны Сьвятога Валянціна і даюць зарок захоўваць любоў і вернасьць да шлюбу. А ў Беларусі адзіная пакуль парафія Сьвятога Валянціна ёсьць у Смялявічах. Балазе, ад Менску недалёка…

СХ

Глядзі яшчэ:
Дзень сьвятога Валянціна ў парафіі сьв. Валянціна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0