— Ты цяпер мэбляй займаешся. Прыбытковая справа?

— Калі працаваць, любая справа прыбытковая. Тысячу-паўтары я зарабляю. Але гэта такая праца, што, бывае, па 16 гадзін у дзень заняты. А 8 раніцы я на аб’екце, гадзін у 9 вечара бываю дома, пасля яшчэ сяджу пару гадзін — малюю макеты. Гэта не так, што ты прыйшоў, адпінаў 8 гадзін, а потым думаеш, чаму ў цябе 300 ці 500 даляраў выходзіць за месяц. У некаторых людзей цяпер такая культура працы, што пры любой уладзе ім будзе дрэнна. Калі чалавек сваёй скурай не адказны за тое, што робіць (то бок пакуль у дзяржаве не будзе прыватнай уласнасці амаль на ўсё — зямлю, заводы), ён і будзе жыць па прынцыпе «не скрадзеш — не пражывеш».

— Табе падабаецца тое, што ты робіш?

— Я займаюся стваральнай працай. Прыйшоў, на роўным месцы нешта зрабіў. Прыгожа, радасна. А наколькі гэта маё прызначэнне на вякі — хто ведае?

— Якая праца табе падабаецца больш: фізічная ці інтэлектуальная?

— Я за грошы ў інтэлектуальнай сферы амаль не працаваў. Ну, тэксты бывае пішу на «Хартыю», на «Нашу Ніву». Гэта хутчэй падтрымка дадатковая. Вельмі цяжкая праца. Напрыклад, што тычыцца апавяданняў, што я пісаў у турме, — трэба было сур’ёзна сябе прымушаць. З дошкамі прасцей: узяў, пілуеш, яно ідзе. А тут ты можаш прасядзець пару гадзін, а з цябе нічога.

— З 16 гадзінамі працы ў цябе час застаецца з дачкой пазаймацца?

— У мяне і выходныя бываюць. Калі мне не вельмі рана трэба на працу, я заўсёды забіраю Мару ад жонкі, каб яна магла паспаць, бо ёй трэба значна больш прысвячаць сябе Мары. І баўлюся з дачкой тады.

— Які ты бацька?

— Куды тут строгім быць з гэтым камочкам? Але ад яе спасу няма ўжо ў 9 месяцаў. На ногі стала, дык ад яе цяпер не адысці. Нядаўна сеў за камп’ютар, чую — нешта яна заціхла секунд на 60. Азіраюся, а яна зямлю з вазона есць!

Падзеі ва Украіне — святло ў канцы тунэля

— Як табе ўдаецца сумяшчаць працу, сям’ю і грамадскую актыўнасць?

— Тытанічных грамадскіх кампаній я на сабе не цягну. У мінімальнай ступені я заангажаваны ў працу «Маладога Фронту», дзе мы збіраемся, нешта абмяркоўваем. Мы імкнемся быць на сувязі, збірацца. Бо глабальныя змены непазбежныя. Я гляджу на гісторыю як на Божы план для кожнага чалавека і народа. Тое, што адбываецца ва Украіне, — сур’ёзнае Божае дзеянне на кантыненце. Гэта апошні цвік у Расійскую імперыю. І Беларусь тут не можа быць па-за працэсам. Некалькі месяцаў пройдзе ці некалькі год, але адбудуцца вялікія зрухі. І важна быць напагатове, каб не прапусціць гэтую хвалю.

Доўгі час мы раскідалі камяні, займаліся шапказакідальніцтвам: «Заўтра мы пераможам!», «Давайце тут надарвемся!», «Трэба ісці на акцыю!» Людзей выганялі з навучальных устаноў, выклікалі бацькоў — людзі адвальваліся ад руху пачкамі! Цяпер прыйшоў час камяні збіраць.

Каб атрымаць уладу, павінен быць нейкі вельмі сур’ёзны палітычны лідар, за якім стаіць сур’ёзная сіла. Яшчэ больш харызматычны і мэтаскіраваны, чым Лукашэнка. І гэтая сіла магла б захаваць Беларусь і адказваць на выклікі.

— Святло ў канцы тунэля бачна?

— Для мяне святло ў канцы тунэля — гэта падзеі ва Украіне. Многія, гледзячы на Украіну, пачалі заклікаць да аб’яднання з уладай. Акей, яны маглі б аб’ядноўвацца, калі б яны сапраўды рабілі ўсё, што ад іх залежыць, каб захаваць незалежнасць і каб сюды не прыйшла Расія. Але я іх запытваю: «А вы на якой мове размаўляеце?» Людзі не могуць элементарна перайсці на беларускую мову. Пуцін прыйшоў рабаваць Украіну, прыкрываючыся інтарэсамі рускамоўных. Размаўляйце па-беларуску, калі вы не хочаце бачыць тут Пуціна! А яны — давайце з уладамі аб’яднаемся. Няверны ў малым — няверны ва ўсім — ёсць такая біблійная ісціна.

Супраць Лукашэнкі, больш чым ён сам, ніхто не зробіць у гэтай краіне. Так дыскрэдытаваць сябе, сваю сацыяльна-арыентаваную палітыку. І каб апазіцыя была маральным аўтарытэтам — уладу б узялі хоць сёння. Але нават людзі, якія супраць улады, задаюць пытанне: «А каму яе аддаць? Гэтым швондзерам?» Канечне, не 100% швондзеры. Ёсць шмат прыстойных людзей, такіх, як Севярынец, Статкевіч, яшчэ некаторыя персаналіі.

Караткевіч і Анісім не час балатавацца

— І што рабіць?

— Па-нармальнаму, усім гэтым партыям трэ' было самараспусціцца. Засталося б з усёй апазіцыі актыўных 100—200 чалавек. А так — 10 тысяч партыйных актывістаў плюс 50 арганізацый паўтара года збіраюць 50 тысяч подпісаў.

У нас у «Маладым Фронце» таксама неяк была кампанія па зборы подпісаў за беларускую мову. Кампанія правальная, бо я ж таксама быў шапказакідальнікам — замахнуўся на 50 тысяч подпісаў. Я падумаў: нас 50 чалавек — кожны па тысячы. Па выніку я сабраў пяць тысяч, яшчэ некалькі чалавек па пару тысяч, а больш ніхто нічога не сабраў. Я за месяц сабраў тры тысячы, кожны дзень аддаючы гэтаму тры гадзіны. А яны на сваіх мільённых бюджэтах паўтара года 50 тысяч збіраюць і даказваюць нам, што гэта дасягненне! І цяпер кажуць: давайце на выбары пойдзем! Мо яны таму і вылучаюць жанчын, каб было цяжэй крытыкаваць. Ну не час зараз для Таццяны Караткевіч ці Алены Анісім балатавацца — гэта проста цырк! Пры ўсёй павазе да гэтых людзей.

Каб не 95-ы, я б у апазіцыю не пайшоў

— Што будзеш рабіць, калі заўтра суверэнітэт Беларусі ліквідуюць?

— Залежыць ад таго, Рускі свет прыйдзе ў хаўрусе з Лукашэнкам ці ў канфлікце. Калі ў хаўрусе, то мы нават з дому выйсці не паспеем, як будзем нейтралізаваныя. Калі ў канфлікце — тады ёсць нейкі шанец выйсці з дому, забрацца ў лес і ўзяць нейкую вінтоўку. У любым выпадку, калі я буду жывы, я буду ваяваць.

— Як ты прыйшоў да нацыянальнай ідэі?

— У 1995, калі Лукашэнка праводзіў першы рэферэндум, мне было 12 гадоў. Але ўжо ў той момант я сваім дзіцячым розумам не мог зразумець, як нацыя адракаецца свайго герба, сцяга. У школе я лічыў беларускую мову калхознай — нас так вучылі. А рэферэндум заклаў у маю душу неўспрыманне гэтага рэжыму. І гэта — самая вялікая стратэгічная памылка гэтай улады. Лукашэнка добры тактык, але кепскі стратэг.

Каб Лукашэнка меў бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню», ён спакойна мог бы сёння зарганізаваць пад свае сцягі ўсіх беларускіх нацыяналістаў. Але як можна пайсці служыць пад гэты саўковы сцяг? Стаць пад гэтую савецкую зорку, пад якой была вынішчана эліта нашага народа? Ды калі б не 95-ты год, я, думаю, увогуле ніколі б ні ў якую апазіцыю не пайшоў.

— І як адбыўся «ўваход» у апазіцыю?

— У 2000 годзе я пераехаў у Мінск, працаваў на прыватным заводзе хімічнай прамысловасці ў Зялёным Лузе. І мы з сынам дырэктара перыядычна паддавалі пасля працы. Пасля чарговай паддачы я яму сказаў, што, маўляў, няма сіл, трэба ісці ў апазіцыю! Ён мне кажа: «Давай, я цябе завяду!» І мы прыехалі трамваем з Зялёнага Луга на Варвашэні. «Вось тут беларуская апазіцыя. Заходзь!» І я зайшоў (смяецца).

— А да пратэстантызму як прыйшоў?

— Калі я прыйшоў у «Малады Фронт», мы былі як уся звычайная моладзь: бухалі, курылі, дзевак цягалі. Што там трэба хлопцу ў 20 гадоў! І ў пэўны момант ва мне ўзнік канфлікт: днём ты прапагандуеш змаганне за новую Беларусь, за перамены, а ўвечары — нажэрліся, лычы адзін аднаму пабілі! Я ў пэўны момант зразумеў, што гэта двудушша, калі ты заклікаеш да перамен, а сябе змяніць не можаш. Аляксей Шэін запрасіў мяне ў пратэстанцкую супольнасць Яна Прадвесніка. І там я знайшоў жывога Бога.

У сілавых структурах нялёгка застацца сумленным

— Турма цябе змяніла?

— Шапказакідальніцтва знікла, так. У нашым грамадстве гэта страшная праблема. Калі гаворыцца і не выконваецца.

— Чаго табе ў турме больш за ўсё не хапала?

— Любімых людзей, сяброў, інфармацыі. Ежы не хапала, цяпла. Спаць хацелася пастаянна, а не падымацца пяць разоў за ноч на зарадку. Мне турма дапамагае шанаваць тое, што я маю цяпер. Вось мы тут п’ем гарбату, для цябе гэта пофіг. А ў турме, калі ты не маеш магчымасць заварыць гарбату, гэта свята!

— Памятаеш, калі цябе першы раз забрала міліцыя?

— На адной з нейкіх акцый МФ у годзе 2001. Цяжка ўзгадаць. Раней і сістэма была не такая, як да 2004 года, да рэферэндуму. Былі выпадкі, калі за пратаколы аб тым, што я лаяўся матам, мяне суддзя апраўдваў.

— А што твае бацькі казалі, калі ты трапляў у СІЗА?

— Любым бацькам не падабаецца, калі з іх дзіцём такое адбываецца. А яшчэ ж людзі савецкага гарту, прывыклі, што калі дыктатура, то на вякі. Але на бацьку моцна паўплывала хваля салідарнасці, калі мяне судзілі ў 2006 годзе. У зоне таксама былі ў шоку, калі бачылі, што сотні лістоў прыходзіла кожны дзень. Яны думалі, што мы — кучка нейкіх маргіналаў неадэкватных, а тут аднаму Дашкевічу столькі лістоў з розных канцоў краіны.

— У якой калоніі было найцяжэй?

— Твой родны Мазыр! (Смяецца.) Гэта трэш! Там эксперыментальная калонія. Ну і начальнік калоніі давай мяне распытваць, хто я ды за што заехаў. Расказаў яму пра «Малады Фронт», што я пратэстант. Ну і пачалося — гэты начальнік давай раўці. «Ды мы за рускую расу! Мы праваслаўныя! Ды я вас, сектантаў, на парог не пускаю! — і гэта ўсё матамі. — Ды я цябе пасаджу, цябе будуць там трахаць!» Там такая нарада збіраецца з дзесяці начальнікаў калоніі, і яны на цябе равуць усе.

А ты адзін стаіш і слухаеш гэта ўсё. За табой стаяць канваіры з дубінкамі. Рыпнешся — закатваюць у бетон. Кажуць, што яны спецыяльна так і правакуюць, каб цябе закаталі і пасля за ногі выцягнулі.

А гэта людзі з вышэйшай адукацыяй, палкоўнікі, падпалкоўнікі. Страшнейшыя за зэкаў! Бо зэк пяць год пасядзеў і выйшаў, а яны там усё жыццё. Пра што яны з дзецьмі і ўнукамі размаўляюць?

Што яшчэ цікава, калі прыязджаў папскі нунцый, дык мяне таксама ж на сустрэчу з ім запрасілі ў кабінет начальніка — яны там усе ў шоку былі. Яны ж там крычалі мне, што я нікому не трэба, а тут такі паварот. Пасля Наста яшчэ знайшла праваслаўнага святара, які да мяне завітваў. Дык пасля гэтага да мяне там толькі на вы і шэптам звярталіся (смяецца).

— Вяселле ў турме — гэта як?

— Вяселле ў нас было на волі, а распісаліся мы ў турме. І ёй было цяжка, калі я сядзеў, бо не ведаў, колькі мне засталося. Ёсць людзі, якія заязджаюць з двума гадамі, а сядзяць па 10 пасля.

— Запрашаў на вяселле тых міліцыянтаў, якія былі сведкамі?

— У турме запрашаў, а на волі — не. Кантактаў не засталося — ні адрасоў, ні тэлефонаў. Часам, праўда, сустракаюся ў Мінску з іншымі «знаёмымі» міліцыянтамі. Напрыклад, пракурорам, які на мяне справу заводзіў у 2006 годзе — перамовілі трохі. Ці з амапаўцам, які скончыў службу.

— Значыць, не ўсе міліцыянты дрэнныя?

— Ёсць міліцыянеры, якія ў камеру мне прыносілі заварку, яблыкі. Яны рызыкавалі сваімі пагонамі. На жаль, у іх такая прафесія, што самыя горшыя душэўныя якасці рэалізуюцца беспакарана. Я сустракаў міліцыянераў — добрыя хлопцы, з гумарам. А пасля ім даюць загад — біць чалавека нагамі на прадоле, і яны б'юць. Там чалавек не можа быць сумленным больш за пару год.

— Як гэта змяніць?

— Да Хрыста таксама ж прыходзілі салдаты і пыталіся, што ім рабіць. І ён жа не сказаў ім сыходзіць з войска. Ён сказаў ім нікога не біць, не лжэсведчыць і не браць хабар. Ён вызначыў канкрэтныя рэчы для ўсіх узброеных служак дзяржавы. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?