Найбліжэйшым часам анлайн-трансляцый прыгавораў судоў у Беларусі наўрад ці варта чакаць. Гэта вынікае з заяў першага намесніка старшыні Вярхоўнага суда Валерыя Калінковіча журналістам 28 мая на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Інфармацыйныя тэхналогіі і права», якая праходзіць у Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы. 

«Заўтра анлайн-абвяшчэння прыгавораў не будзе, ці будзе яно паслязаўтра, не ведаю, гэтае пытанне прапрацоўваецца», — сказаў Калінковіч. 

«У нас у адпаведнасці з працэсуальным заканадаўствам відэазапіс судовых працэсаў, уключаючы відэазапіс на лічбавыя носьбіты, ажыццяўляецца з дазволу старшыні і пры поўнай згодзе бакоў. Таму ў плане відэафіксацыі працэсу яго ўдзельнікамі або гледачамі існуюць пэўныя працэсуальныя абмежаванні, якія мы павінны будзем выконваць і ў далейшым», — растлумачыў першы намеснік старшыні ВС. 

Што ж датычыцца інтэрнэт-трансляцыі судовага працэсу як такога, то, паводле слоў Калінковіча, тут таксама трэба ўлічваць, што працэсуальнае заканадаўства ўтрымлівае шэраг абмежаванняў, якія не дазваляюць гэта рабіць. «Адно з такіх абмежаванняў — ва ўсіх працэсуальных кодэксах у нас запісана, што дапытаныя сведкі па справе не павінны мець зносіны з недапытанымі. Як толькі мы пачынаем весці прамую трансляцыю з залы судовага пасяджэння, выканаць гэта патрабаванне практычна немагчыма. Любы недапытаны сведка, які ўвайшоў у інтэрнэт, можа ў рэжыме рэальнага часу ўбачыць і пачуць, як сябе паводзіць і якія паказанні дае папярэдні сведка», — растлумачыў Калінковіч. 

Таму, паводле яго слоў, у адкрытасці судовых працэсаў ёсць свае межы, якія абумоўленыя інтарэсамі найперш правасуддзя. 

Кажучы пра магчымасць абвяшчэння рэзалютыўнай часткі прыгавору ў адкрытым судовым пасяджэнні, Калінковіч звярнуў увагу на тое, што, «гледзячы ў наш інтэрнэт, сёння гэта ўжо робіцца без асаблівых намаганняў з боку судоў». 

Пры гэтым ён заявіў, што ў судоў няма сёння задачы абвяшчаць прысуд у анлайн-рэжыме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?