Photo by Julia Darashkevich

Сёлета напярэдадні традыцыйнай акцыі «Маладога фронту» на Дзень сьвятога Валянціна амаль не было ніякай агітацыйнай прадукцыі, якая б заклікала людзей 14 лютага прыйсьці на пляц а 17:00. Можа акурат таму ў прызначаны час на месцы было толькі некалькі дзесяткаў моладзевых актывістаў. Побач з ратушай тулілася прыкладна такая самая колькасьць «ціхароў», якія ўсё старанна фільмавалі.

Нейкі хлопец прынёс вялікую колькасьць белых і чырвоных балёнікаў, якія пачалі раздаваць прысутным. З старэйшых палітыкаў акцыю наведаў толькі Аляксандар Мілінкевіч. Празь нейкі час на плошчы зьявіліся нядаўнія палітвязьні – Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, абодва ў гарнітурах і пры гальштуках. Менавіта яны і пачалі раздаваць павязкі “Я люблю Беларусь”.

З Катэдральнага касьцёлу выйшлі чатыры дзяўчыны, якія былі апранутыя ва ўжо традыцыйныя белыя анёльскія строі зь вялікім сэрцам на грудзях. Дзяўчаты несьлі з сабой бел-чырвона-белы сьцяг. Пакрысе і на пляцы пачалі ўздымацца нацыянальныя палотнішчы. Маладзёны разгарнулі дзьве расьцяжкі «Акцыя любові» і «Малады фронт». Некаторыя трымалі ў руках бэнгальскія агеньчыкі. Міліцыянты назіралі за ўсім гэтым абсалютна спакойна.

Выступіў Зьміцер Дашкевіч, які заклікаў павіншаваць са сьвятам любові прадстаўнікоў эўрапейскіх і амэрыканскага пасольстваў. Найперш калёна рушыла да францускай амбасады, якая месьціцца акурат на пляцы Волі.

У будынак пайшлі Зьміцер Дашкевіч, Наста Палажанка, Тацяна Шапуцька і Кася Галіцкая. Іншыя засталіся на вуліцы. Зьявіліся Іна Кулей і Людміла Гразнова. Зь невялікай прамовай выступіў Аляксандар Мілінкевіч. Ён сказаў: «Віншую вас з днём Сьвятога Валянціна. Цудоўнае сьвята, цудоўны дзень. Чалавек, які кахае, сьветлы, прыгожы, ён жыве даўжэй. Я хачу, каб вы захавалі на ўсё жыцьцё гэтае шчасьце Божае – кахаць і быць каханымі. А яшчэ зычу ўсім ніколі не губляць любоў да Бацькаўшчыны».

У пасольстве «маладафронтаўскую» дэлегацыю прымала асабіста спадарыня Мірэй Мюсо, што заўважна кантраставала зь мінулымі гадамі.

Калёна тым часам накіравалася ўбок вуліцы Карла Маркса. У гэты час раптоўна пачаўся вялізны сьнегапад, амаль такі самы як 19 сакавіка 2006 году. Шэсьце пад сьнегам, дзяўчыны-анёлы, бел-чырвона-белыя сьцягі выглядалі вельмі эфэктна і прыгожа.

Некаторыя меркавалі, што ўдзельнікі акцыі зьбіраюцца прайсьціся са сьцягамі і скандаваньнем «Жыве Беларусь» пад вокнамі Адміністрацыі прэзыдэнта, але ўсё ж не наважыліся – у апошні момант зьвярнулі на Кастрычніцкую. У любым выпадку, так блізка зь бел-чырвона-белымі сьцягамі да Адміністрацыі ўжо даўно ніхто не падыходзіў.

Падчас шэсьця ад Кастрычніцкай да плошчы Перамогі дэманстранты гукалі «Бог дапаможа, і мы пераможам», «Свабоду палітвязьням», а таксама сьпявалі «Пагоню» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Ля польскага пасольства, што на Румянцава, віншаваньні прымалі 2-гі сакратар Маруюш Краеўскі і прэс-аташэ Моніка Садкоўская.

Апошнім пунктам праграмы была амэрыканская амбасада. Калі дэманстранты завярнулі ўбок Сьвіслачы, то побач з домікам 1-га зьезду РСДРП катаўся аўтазак. Нікога затрымліваць ня сталі, хаця ў калёне ішло дастаткова шмат пераапранутых у цывільнае амонаўцаў.

Ад пасольства ЗША да моладзі выйшаў першы сакратара Луіс Крышак, які па-беларуску прамовіў: “Віншую вас з Днём сьвятога Валянціна”. Дыплямат прынёс з сабой цукерак, якімі частаваў моладзь. Зьміцер Дашкевіч у размове са сп.Крышакам зьвярнуў увагу на праблему палітвязьняў.

На гэтым акцыя і скончылася. Яна не была вельмі шматлікай, але і не выбівалася з шэрагаў падобных мерапрыемстваў мінулых гадоў. Традыцыйны такі Дзень сьвятога Валянціна.

Зьміцер Панкавец

***

18.59 Акцыя скончылася. З амэрыканскай амбасады да ўдзельнікаў акцыі выйшаў 1-ы сакратар Луіс Крышак, які вынес моладзі цукерак.

Выступіў Зьміцер Дашкевіч, які сказаў, што акцыя завершана. Ўдзельнікі згортваюць сьцягі ды расьцяжкі, зьбіраюцца разыходзіцца па дамах.

18:51Дайшлі да амэрыканскай амбасады.

18:34 Да «немцаў» не пайшлі, рушылі да амэрыканскага пасольства. зараз калёна знаходзіцца ля доміка РСДРП. Побач дэманстратыўна — туды‑сюды, сюды‑туды — сноўдае міліцэйскі аўтазак.

Відаць, замёрз і грэецца, жартуюць удзельнікі акцыі.

18:27 Удзельнікі маладафронтаўскай акцыі дайшлі да польскага пасольства, што месьціцца на вуліцы Румянцава. Да ўдзельнікаў акцыі выйшлі 2-гі сакратар Мар'юш Краеўскі і прэс-аташэ Моніка Садкоўска.

18:07 Калёна прайшла паўз Кастрычніцкую, перайшла Купалу, цяпер знаходзіцца ля цырку.

Скандуюць: «Бог дапаможа, і мы пераможам».

У калёне вельмі шмат ціхароў.

17:56 Калёна выйшла на вуліцу Карла Маркса і выйшла перад Адміністрацыяй прэзыдэнта, дайшла да перакрыжаваньня з вуліцай Энгельса, падумала і ... збочыла ў адваротны бок, да Кастрычніцкай плошчы.

Сьнег крыху сьцішыўся, але ўсё роўна мяце.

17.48 Паваліў моцны-моцны сьнег, амаль як на Дзень дохлага пацука -- 19 сакавіка 2006 г.

Калёна пад сьнегам, дзяўчыны-анёлы выглядаюць вельмі эфэктна і прыгожа.

Наперадзе ідуць Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, яны і кіруцюь шэсьцем. Моладзь скандуе: "У нас адна дарога - Беларусь да Бога".

17:42 Дэлегаты вярнуліся з францускай амбасады. Іх прыняла сама пасол – мадам Мірэй Мюсо. Пакуль пасланцы знаходзіліся ў французаў, перад прысутнымі на плошчы выступіў з караценькай прамовай пра каханьне Аляксандар Мілінкевіч. «Каханьне -- гэта шчасьце Божае. Я таксама жадаю ніколі не губляць пачуцьцё любові да Бацькаўшчыны», - сказаў Мілінкевіч.

Удзельнікі акцыі кіруюцца на праспэкт, каб прайсьці да польскай амбасады.

17.33 У францускае пасольства пайшлі чатыры чалавекі: Зьміцер Дашкевіч, Наста Палажанка, Кася Галіцкая, Тацяна Шапуцька.

Зьявілася на плошчы Іна Кулей і Людміла Гразнова. Колькасьць удзельнікаў не павялічылася: 50-60 чалавек. Пакуль усё камэрна і без размаху, уласьцівага мінуламу году.

17:24 Выступіў з кароткай прамовай Зьміцер Дашкевіч. Ён прапанаваў прайсьці шэсьцем па пасольствах краін Эўразьвязу. Пачалі з францускай амбасады, што знаходзіцца акурат на Пляцы Волі.

Зьявіліся салігорскія маладафронтаўцы з анёльскімі крыламі за сьпіной.

17:19 Разгарнулі тры сьцягі. Некалькі сьцягоў трымаюць у руках. Ёсьць расьцяжкі: «Акцыя любові» «Малады фронт»

Вельмі шмат бел-чырвона-белых балёнікаў. Людзі гукаюць "Жыве Беларусь".

17:12 Чатыры дзяўчыны, у тым ліку Наста Палажанка, выйшлі з Катэдральнага касьцёлу. Яны апранутыя, як і ў мінулым годзе, у белыя анёльскія строі зь вялкіім сэрцам на грудзях. Дзяўчаты нясуць балёнікі і бел-чырвона-белы сьцяг.

Пакуль на Плошчы сабаралася каля 50 чалавек.

Міліцыя паводзіць сябе ціха

***

17:03 На Пляцы Волі а 17‑й сабралася каля двух дзясяткаў чалавек. У асноўным гэта маладафронтаўцы. Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч — пры поўным парадзе: у гарнітурах і гальштуках.

Моладзь трымае балёнікі, сьцягоў пакуль няма. Раздаюць павязкі: «Я люблю Беларусь»

З палітыкаў старэйшага веку толькі Аляксандар Мілінкевіч.

На плошчы шмат ціхароў, якія актыўна фільмуюць падзеі.

ЗП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?