28 траўня пачаўся візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан. Да яго прыезду ўжо падпісана кантрактаў на 60 млн долараў. Журналісты АНТ заявілі, што заключэнне гандлёвых дамоваў у Пакістане можа стаць не менш перспектыўным для выхаду на паўднёваазіяцкі рынак, чым выхад на рынкі Паўднёвай Амерыкі праз Венесуэлу.

Але Венесуэла – не самы добры прыклад стасункаў! Актыўныя гандлёвыя адносіны Беларусь пачала развіваць з Венесуэлай з 2010 года. Тады тавараабарот паміж краінамі падскочыў на 1,2 млрд долараў, але больш ніколі мы так добра не гандлявалі. У 2014 годзе тавараабарот Венесуэлы і Беларусі склаў 99,7 млн, а за студзень-сакавік гэтага года – толькі 3,9 млн долараў. Прычым імпартавана з Венесуэлы толькі (!) на 600 долараў – запчасткі да аўтамабільнай тэхнікі.

За студзень-сакавік 2015 года, яшчэ да падпісання гандлёвых кантрактаў, тавараабарот Пакістана і Беларусі быў у пяць разоў вышэйшым, чым цяпер з Венесуэлай – 19,5 млн долараў.

Сёння назіраецца падзенне тавараабароту і з краінамі Паўднёвай Амерыкі, на рынкі якіх «Беларусь выйшла праз Венесуэлу». Калі ў 2010 годзе гандлявалі на 2,66 млрд долараў, цяпер – толькі мільярд.

Беларусь мела нямала прадстаўніцтваў сваіх кампаніяў у Венесуэле, былі створаныя і сумесныя прадпрыемствы. Мы пастаўлялі ў паўднёваамерыканскую рэспубліку машынакамплекты грузавых аўтамабіляў, трактароў для таго, каб іх збіралі ўжо ў Венесуэле. Здабывалі нафту на тэрыторыі гэтай краіны, займаліся нафтавым сэрвісам. Еўрарадыё паспрабавала высветліць, як у гэтых кампаніях ідуць справы.

Прадстаўніца аддзелу па продажах у Лацінскую Амерыку завода МАЗ назваць дакладныя аб’ёмы паставак не можа – камерцыйная таямніца. Але адзначае, што ў параўнанні з 2013 і 2014 гадамі цяпер нашмат меней.

«У Венесуэле змянілася абстаноўка ў цэлым: у іх там цяпер працяглы фінансавы крызіс, таму яны маюць цяжкасці з аплатай», – тлумачыць сітуацыю прадстаўніца завода.

У сумеснай беларуска-венесуэльскай кампаніі «Петралера БелаВенесалана», якая займаецца распрацоўкай радовішчаў нафты і газу, размаўляць пра сітуацыю з продажамі адмаўляюцца, спасылаючыся на тое, што «цяпер не самы спрыяльны перыяд». Маўляў, пачакайце візіту венесуэльскага прэзідэнта ў Беларусь, тады, можа, справы пойдуць лепей, пасля гэтага і паразмаўляем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?