Не дазволеныя А. Крутому і прагулкі. Ён паведаміў сваёй адвакатцы, што ў часе штодзённых аглядаў, да яго не заходзіць ні начальнік СІЗА, ні іншыя адказныя асобы.
24 студзеня суд Нясьвіскага раёна прызнаў Аляксандра Крутога вінаватым у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства па арт. 368 КК РБ (публічная абраза прэзыдэнта краіны). Аднак, паколькі было прызнана, што дзеяньні асуджанага не нясуць вялікай пагрозы для грамадзтва, крымінальную справу спынілі, а А. Крутога вызвалілі ад пакараньня. Cуд пастанавіў прызначыць яму прымусовае лячэньне ў псыхіятрычнай бальніцы са звычайным наглядам, паколькі судова‑мэдыцынская экспэртыза выявіла ў яго паранаідальную шызафрэнію. Пасьля зьмяшчэньня Крутога ў бальніцу, яму мусяць зьмяніць меру стрыманьня. Але ён па‑ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што А. Крутога трымаюць у СІЗА незаконна: «Крымінальна‑працэсуальны кодэкс не прадугледжвае прызначэньня мэдыцынскіх мераў прымусовага характару, калі з чалавека зьнятая крымінальная адказнасьць. Таму рашэньне суда супярэчыць КПК». Праваабаронца выказаў надзею, што ў панядзелак Менскі абласны суд улічыць гэты аспэкт, выкладзены ў касацыйнай скарзе А. Крутога. Гэтая справа прыцягвае ўвагу па некалькіх прычынах, падкрэсьліў В. Стэфановіч. Па‑першае, гэта чарговы працэс паводле артыкула 368 КК РБ і праваабаронцы будуць дабівацца яго адмены. Па‑другое, супраць іншадумцаў усё часьцей ужываецца карная псыхіятрыя.
Нагадаем, што крымінальную справу паводле арт. 368 КК у дачыненьні праваабаронцы зь Нясьвіжу распачалі ў траўні 2003 г. Аляксандру Крутому закідалі публічную абразу кіраўніка дзяржавы — нібыта ён распаўсюджваў улёткі зьняважлівага зьместу. У сярэдзіне кастрычніка Аляксандра затрымалі ў Менску і адвезьлі ў Нясьвіж, дзе пратрымалі трое сутак. Затым яго зьмясьцілі ў Жодзінскім СІЗА.