Гэта ўжо трэцяя за апошні год аварыя на трубапровадах кампаніі «Захад‑Транснафтапрадукт». Гэтым разам на паверхню выцекла каля 70 кубамэтраў дызпаліва.

Трубапровад належыць прадпрыемсту «Захад‑Транснафтапрадукт» ААТ «Транснафтапрадукт» (Расея). Па словах прэс‑сакратара МНС Віталя Навіцкага, інфармацыя пра здарэньне паступіла раніцай 14 лютага. На 422‑м кілямэтры магістралі (Рэчыцкі раён Гомельскай вобласьці), на глыбіні мэтра, адбыўся прарыў. Для ліквідацыі наступстваў аварыі было задзейнічана больш за 20 адзінак тэхнікі МНС і аварыйнай службы прадпрыемства. «У 11.30 наступствы прарыва былі лякалізаваныя, пагрозы трапляньня нафтапрадуктаў у водныя артэрыі няма», — паведаміў В.Навіцкі. Прычыны і абставіны здарэньня высьвятляюцца, на месцы працуе раённая камісія па НС.

Гэта ўжо трэцяя за апошні год аварыя на трубапровадах кампаніі «Захадтранснафтапрадукт». Першая адбылася 23 сакавіка 2007 году на нафтаправодзе «Унеча‑Венстпілс» у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласьці. Адбыўся выцек каля 120 тонаў дызпаліва. Яно патрапіла ў раку Улу — прыток Дзьвіны, а адтуль у Дзьвіну. Мазута дасягнула тэрыторыі Латвіі, якая пазьней выказала ў адрас Беларусі фінансавыя прэтэнзіі.

Другая аварыя здарылася 5 траўня таго ж году таксама ў Бешанковіцкім раёне каля вёскі Бабаедава. Аб’ём выцеку склаў каля 5 тонаў мазуту.

У якасьці кампэнсацыі за нанесеную шкоду Беларусь атрымала ад «Захад‑Транснафтапрадукту» $7 млн.

СП, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0