У чацьвер рэдактар «Нашай Нівы» сустрэўся з паслом ЗША Джорджам Кролам. А.Дынько паінфармаваў дыплямата пра сытуацыю вакол «Нашай Нівы» і перадаў Рэдакцыйны зварот у гэтай справе.

Галоўны рэдактар расказаў аб тым, што Рэдакцыя рыхтуе зварот да Прэзыдэнта і Прэм’ер-міністра Літвы з просьбай, каб яны хадайнічалі перад ЮНЭСКА аб уключэньні газэты «Наша Ніва» ў «Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва». На думку Рэдакцыі, Літва мае маральнае права на гэта, бо «Наша Ніва» ў 1906–1915, 1991–1996 выдавалася ў Вільні. 100-годзьдзе газэты, якая вытварыла беларускую літаратурную мову, беларускую клясычную літаратуру, беларускую дзяржаўніцкую ідэю – добрая для таго нагода. «Наша Ніва» мае прасіць урады іншых краінаў, міжнародныя і недзяржаўныя інстытуцыі, што маюць такое права, падтрымаць гэтае хадайніцтва перад ЮНЭСКА. Гэты сымбалічны крок – можа быць, апошняе, што сьвет можа зрабіць для беларускай прэсы.

Пасол ЗША сказаў, што ўважліва сочыць за сытуацыяй вакол газэты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0