Месяц прайшоў дарэмна, калі Мінск з Варшавай не пасварыўся. Чарговай нагодай для скандалу стала «Карта паляка».

Падобна, што БРСМ неўзабаве зноў атрымае загад пілаваць бярвенне перад польскай амбасадай. Бо гэтыя «падступныя панове ладзяць чарговую «правакацыю» супраць сінявокай Беларусі і ствараюць у нашай краіне «пятую калону». Прынамсі, такія высновы можна зрабіць з выказванняў нашых дыпламатаў‑аматараў з Нацыянальнага сходу Мікалая Чаргінца ды Сяргея Касцяна.

Зрэшты, не змаўчала і міністэрства замежных спраў. Яно запатрабавала, каб на беларусаў «Карта паляка» не распаўсюджвалася, бо гэта можа парушыць стабільнасць у нашай дзяржаве.

Тут варта патлумачыць, што гэта за дакумент, які можа мець такія лёсавызначальныя наступствы. «Карта паляка» пацвярджае прыналежнасць грамадзяніна іншай дзяржавы да польскага народу. Ейны ўладальнік мае права атрымаць доўгатэрміновую шэнгенскую візу, легальна працаваць або вучыцца ў Польшчы без спецыяльных дазволаў, а таксама займацца там бізнесам. Нарэшце, ён карыстаецца польскай чыгункай са зніжкай — ажно 37%.

Каб атрымаць «Карту паляка», трэба валодаць польскай мовай ці мець сваяка‑паляка (альбо грамадзяніна Польшчы), ці давесці сваё польскае паходжанне.

Насамрэч, пэўныя пагрозы для Беларусі гэтае ноў‑хаў Польшчы сапраўды стварае. Аднак не палітычныя, а эканамічныя.

Навошта Варшаве спатрэбілася раздаваць такія льготы вялікай колькасці замежных грамадзянаў? У адной толькі Беларусі, паводле папярэдніх ацэнак, на атрыманне «Карты паляка» могуць прэтэндаваць каля 900 тысяч чалавек. Справа ў тым, што колькі часу таму ўсе грамадзяне Польшчы, так бы мовіць, атрымалі «Карту еўрапейца». Пасля таго, як Польшча ўступіла ў Еўразвяз, палякі займелі права легальна працаваць у любой краіне ЕС. І шмат хто ім скарыстаўся, пачаўшы шукаць лепшых умоваў у Францыі, Германіі, Ірландыі, Італіі... Адпаведна, у Польшчы стварыўся пэўны дэфіцыт працоўнай сілы. І яна пачала шукаць замену тым, хто ад’ехаў на Захад, на Ўсходзе.

Між іншым, не адна Польшча разлічвае на экспарт працаўнікоў. Аналагічная сітуацыя склалася ў Літве. Там таксама ёсць свой аналаг «карты паляка», толькі для літоўцаў. І там ужо працуюць тысячы беларусаў.

Таму пагроза палягае ў вымыванні працоўнай сілы з Беларусі. Хаця, калі паглядзець наша тэлебачанне, такой праблемы існаваць не павінна. Бо, паводле БТ, у нашай краіне пануюць дабрабыт і стабільнасць. А ў суседзяў, наадварот, суцэльныя жахі.

Але чамусьці не палякі і літоўцы едуць да нас у заробкі, а зусім наадварот. Мабыць, усё‑ткі там лепш? Так, але нашы ўлады ў гэтым ніколі не прызнаюцца. І таму пачынаюць ратаваць становішча, выдумляючы розныя пудзілы кшталту «пятай калоны».

Аднак забаронамі гэтую праблему не вырашыць. І напалохаць усіх — «Не хадзіце, людзі, у Польшчу працаваць» — не атрымаецца. Таму высокапастаўленыя чыноўнікі пачалі навыперадкі абяцаць беларусам імклівы рост заробкаў. Так, прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі заявіў, што абяцанне давесці ў 2010 годзе сярэдні заробак да 500 даляраў, павінна быць перавыканана. А старшыня Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч наогул пасуліў, што ў 2015 годзе беларус будзе зарабляць не менш за 1000 еўра.

Аднак пакуль што рэкорды б’е толькі інфляцыя: за апошнія тры месяцы яна склала 7,3%. У гэтых неспрыяльных умовах палітыкам застаецца толькі адно — загаворваць зубы шараговым грамадзянам. Асабліва гэтае майстэрства запатрабаванае, калі на даляглядзе з’яўляецца прывабная альтэрнатыва.

Між іншым, «карты паляка» яшчэ не існавала нават у праекце, а сотні тысяч беларусаў ужо здабывалі сабе сродкі на існаванне не на Бацькаўшчыне, а ў Расіі. Можа нашаму МЗС з гэтай нагоды заявіць пратэст Крамлю?

Насамрэч, шлях вырашэння гэтай праблемы даўно вядомы. Колісь па тэлебачанні круцілі рэкламны ролік, у якім зацятыя служакі падразалі птушкам крылы, каб тыя не адляцелі ў іншыя краіны. На гэта расейскі імператар прапанаваў іншы рэцэпт: «Кормить надо лучше — они и не улетят».

Аднак беларускія ўлады вырашылі ператварыць эканамічную праблему ў палітычны скандал. Хаця наўрад ці гэта спыніць тых, каго завабяць прывілеі, што дае «Карта паляка».

Валеры Філін, SvabodaBY.net

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру