15 лютага з трэцяга курсу журналісцкага факультэту БДУ быў адлічаны старшыня культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франак Вячорка. Афіцыйная прычына – «акадэмічная непасьпяховасьць».

Нагадаем, што напярэдадні акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня Франак Вячорка быў затрыманы ля будынку Цэнтральнага РУУС Менску, куды прыходзіў падтрымаць сваіх паплечнікаў. Франака асудзілі на 15 сутак арышту, якія ён правёў у спэцпрыёмніку на Акрэсьціна. За гэты час Вячорка прапусьціў два іспыты ў ВНУ.

«Сёньня дэкан Дубавік паведаміў, што загадам прарэктара ўнівэрсытэту я адлічаны за «акадэмічную непасьпяховасьць». Калі я запытаўся ў дэкану, як так атрымалася, ён паціснуў плячыма і сказаў: «Ну вось так атрымалася». Я зразумеў, што рашэньне аб маім адлічэньні прымаў ня ён. Я зьвязваю сваё адлічэньне зь нядаўнім прыездам на журфак Лукашэнкі. Ён заявіў пра новае бачаньне журналістыкі і працы факультэту, як бачым, я ў гэтае бачаньне не ўпісаўся. У панядзелак буду падаваць у суд аб незаконным рашэньні прарэктара. Буду, як змагу, ініцыяваць студэнцкія акцыі салідарнасьці. Таксама трэба задумацца пра свой далейшы жыцьцёвы лёс, дзе і якім чынам працягнуць вучобу. У іншым выпадку, магу пайсьці ў войска, як Зьміцер Жалезьнічэнка. Магчымасьць навучаньня за мяжой разглядаю ў апошнюю чаргу», – кажа Ф.Вячорка.

Франак ня першы студэнт, якога адлічылі сёлета за арышты. Зь ін’язу выгналі Антона Каліноўскага і Ганну Мядзьведзеву, а з Акадэміі фізвыхаваньня – Тацяну Цішкевіч.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру