Фота: xseanathonx via reddit

Фота: xseanathonx via reddit

Па звестках беларускага Таварыства ратавання на вадзе, яшчэ да пачатку каляндарнага лета ў Беларусі загінулі ад утаплення 87 чалавек, з іх 5 былі непаўнагадовымі. Яшчэ 58 чалавек былі ўратаваныя, таксама было прадухілена больш за 5 тысяч небяспечных сітуацый.

Утапленне выглядае не так, як уяўляюць сабе многія. Хутчэй чалавек не будзе крычаць і бултыхацца, а будзе падобны да паплаўка.

Хаця могуць здарацца прыступы панікі, якія часта паказваюць у кіно, у людзей, якія тонуць, дзейнічаюць зусім іншыя рэфлексы.

Калі чалавек тоне:

  • Ён практычна не здольны крычаць — дыханне для арганізму больш прыярытэтная функцыя. Рот чалавека будзе то падымацца над вадой, то апускацца пад ваду. Калі чалавек вынырвае, ён ледзь паспявае ўдыхнуць-выдыхнуць, часу на крыкі не хапае.
  • Ён хутчэй стане адкідаць галаву назад і трымаць рот раскрытым. Вочы будуць ці заплюшчаныя, ці расплюшчаныя, але з пустым, несфакусаваным позіркам. Вядома, у яго не будзе часу прыбраць валасы з твару, яны могуць захіляць вочы і замінаць дыхаць.
  • Ён не здольны махаць рукамі — рэфлексы прымушаюць спрабаваць адштурхнуцца ад вады, выцягнуўшы рукі ў бокі пад паверхняй. Гэтыя не надта эфектыўныя рухі дазваляюць перыядычна падымацца над вадой альбо трымаць над паверхняй вады толькі рот.
  • Ён застаецца ў вертыкальным стане і не спрабуе падтрымаць цела над вадой нагамі. Гэтая інстынктыўная рэакцыя, з якой цяжка змагацца, але якая не дае падплыць да ратаўніка ці нават перавярнуцца на спіну. Чалавек будзе «плыць на месцы».

Калі бачыце чалавека ў падобным стане, проста спытайце, ці ўсё добра. Калі чалавек нешта адкажа (нават груба), то ўсё нармальна. А вось калі не здольны адказаць, патрэбная дапамога.

Праўда, дапамагаць чалавеку, які тоне, трэба асцярожна — якім бы добрым ні быў чалавек, у надзвычайнай сітуацыі ён можа патапіць і сябе, і ратавальніка.

Фота: kenschroeder.net

Фота: kenschroeder.net

Каб уратаваць чалавека на вадзе:

  • Клічце дапамогу, калі самі плаваеце не надта добра. Шукайце побач ратавальнае кола ці іншыя сродкі. Кідайцеся ратаваць «голымі рукамі», толькі калі няма лепшых опцый.
  • Падплывайце да чалавека хутка, але разлічвайце сілы. Іх спатрэбіцца яшчэ вой як нямала.
  • Падплывайце лепей ззаду, каб чалавек не ўхапіў вас за рукі ці галаву. Калі вас ухапілі, тут жа вырывайцеся.
  • Каб вызваліць сваю руку, рэзка павярніце яе супраць вялікага пальца рукі, якой вас ухапілі, і рваніце руку на сябе. Калі схапілі двума рукамі, прасуньце вольную руку пад адну з рук чалавека, ухапіцеся за другую, штурхайце першую наверх.
  • Калі вызваліцца цяжка, нырайце — інстынкт самазахавання спрацуе, чалавек мае вас адпусціць.
  • У любым выпадку намагайцеся падштурхнуць чалавека ўверх. Найлепей гэта атрымаецца, калі са спіны абхапіць чалавека за пояс, пагрузіўшыся пад ваду і «выскачыўшы» разам з ім.
  • Калі выштурхнулі чалавека, павярніце яго да сябе спінай, ухапіце пальцамі падбароддзе, выпрамце рукі, пакладзіцеся на спіну, плывіце брасам. Як варыянт, павярніце чалавека крыху на бок, вазьміце чалавека пад верхнюю руку, плывіце на боку з дапамогай ног і вольнай рукі.

Калі вы не паспелі падплысці да чалавека, пакуль ён трымаўся на вадзе, гэта яшчэ не канец.

Нават калі чалавек апусціўся пад ваду і прабыў там некалькі хвілін, не губляйце надзеі знайсці яго. Вярнуць да жыцця чалавека можна яшчэ пасля прыкладна 6 хвілін пад вадой.

Фота: city.kyotango.lg.jp

Фота: city.kyotango.lg.jp

Калі чалавек страціў прытомнасць і не дыхае:

  • Яшчэ ў вадзе паспрабуйце зрабіць штучнае дыханне са рта ў рот.
  • На беразе пакладзіце чалавека жыватом на сваю сагнутую ў калене нагу, ачысціце рот ад пяску і ілу.
  • Каб ачысціць лёгкія ад вады, націсніце рукой на спіну між лапатак альбо раскрыйце рукой рот і націсніце на корань языка.
  • Калі чалавек не пачаў дыхаць, пакладзіце яго на спіну і зрабіце штучнае дыханне рот у рот: адкіньце галаву чалавека крыху назад, глыбока ўдыхніце, шчыльна прыцісніце рот да рота і выдыхніце. Дайце зрабіць выдых самастойна.
  • Калі і пульсу няма, адначасова са штучным дыханнем трэба рабіць непрамы масаж сэрца. На адзін удых рабіце 4-5 штуршкоў рукамі на грудзіну (адна рука перпендыкулярна грудзіне ў ніжняй яе трэці, другая паверх паралельна грудзіне, штуршкі часцей за раз на секунду), пасля штуршкоў не адрывайце рукі.
  • Калі здаецца, што не атрымліваецца ўратаваць, не здавайцеся, шанцы ёсць яшчэ 15, а то і 30 хвілін.
  • Нават калі ўратаваны чалавек добра сябе адчувае, трэба звярнуцца да дактароў — можа здарыцца ацёк лёгкіх.

Дарэчы, дзеці любяць купацца гучна. Калі дзіцё шумела ў вадзе, але раптам змоўкла, ёсць прычына насцярожыцца.

Яшчэ раз, сцісла. Калі чалавек падобны да непрытомнага паплаўка, клічце дапамогу. Калі прыйдзецца рабіць усё самому, шукайце побач ратавальнае кола. Калі няма, падплывайце са спіны, не давайце сябе схапіць, выштурхвайце на паверхню, кладзіце на спіну, плывіце да берага. Калі чалавек не дыхае і няма пульсу — штучнае дыханне рот у рот і непрамы масаж сэрца.

Сумняецеся, што ўсё зразумелі правільна? Пашукайце відэа на Youtube, распытайце знаёмых. Толькі за апошні тыдзень у Беларусі на вадзе загінулі дзесяцёра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?