У ноч на 3 чэрвеня баевікі пачалі масіраваны артабстрэл Мар'інкі і Краснагораўкі ў Данецкай вобласці Украіны. Таксама пад абстрэл трапіла Шырокіна. Узмацніліся баявыя дзеянні і ў Луганскай вобласці.

Цягам дня баі за Мар'інку працягнуліся, у іх выніку было паранена некалькі дзясяткаў украінскіх байцоў і некалькі мірных жыхароў.

У выніку ў зоне АТА была абвешчаная павышаная гатоўнасць па ўсёй лініі фронту.

У Адміністрацыі прэзідэнта Украіны назвалі атаку баевікоў у Мар'інцы шырокамаштабным наступам, адзначыўшы, што сігнал да актывізацыі баевікоў на Данбасе ідзе з Масквы.

Як заявіў экс-баец батальёна «Данбас» Павел Кішкар, падчас баёў пад Мар'інкай паранена больш за 30 байцоў АТА. Ён распавёў гэтым з трыбуны Вярхоўнай Рады падчас пасяджэння.

«Вельмі шкада, што цяпер, непасрэдна цяпер, калі вы сядзіце ў ціхім і ўтульным зале, ідзе бой у Мар'інцы. Ужо больш за 30 параненых і мы не ведаем, куды іх вывозіць, якім чынам аблегчыць наступствы гэтага бою», — адзначыў Кішкар. Пры гэтым пра загінулых, як і пра страты баевікоў, інфармацыя пакуль што не паступала.

Каля 13 гадзін дня баевікі так званай ДНР заявілі пра захоп Мар'інкі — важнага населенага пункта ў ваколіцах Данецка.

Мар'інка не стала адзінай гарачай кропкай падчас сённяшняга наступу баевікоў. Каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Канстанцін Машавец у сваім Facebook паведаміў, што баевікі пайшлі ў наступ пад Валнавахай.

Прэм'ер Украіны Арсеній Яцанюк напісаў у сваім фэйсбуку: «Перад самітам Вялікай сямёркі РФ чарговы раз парушыла мінскія дамоўленасці. Учора Расія наўмысна сарвала сустрэчу трохбаковай кантактнай групы, а сёння дала указанне сваім тэрарыстам пачынаць ваенную аперацыю. Гэта яшчэ адзін выклік для сусветнай супольнасці. На саміце Вялікай сямёркі міжнародная супольнасць павінна даць адэкватны адказ на расійскую агрэсію».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?