«Ён [Казулін] адмовіўся [выйсьці на свабоду пры ўмову эміграцыі ў Нямеччыну] нават пасьля таго, як ягоныя дочкі паехалі і ўгаворвалі ўратаваць маму, яму гэтая мама ўжо даўно не была трэба...», - сказаў Лукашэнка.

Пытаньне «так званых палітвязьняў» у Беларусі закрыта. Пра гэта заявіў сёньня ў Віцебску Аляксандар Лукашэнка ў адказ на пытаньне журналістаў.

А. Лукашэнка сфармуляваў адказ закавырыста: «Я думаю, што тое, як ставіць пытаньне Эўрасаюз перад намі — ня варта выедзенага яйка, і таму мною было прынятае рашэньне вызваліць тых людзей, за якіх так ратаваў Захад і ЗША".

Ён працягваў: «Яны, відаць, рабілі добрыя справы для ЭС і ЗША, і тыя цяпер іх у бядзе ня кідаюць». «Гэта адзінае, што мне падабаецца ў пазыцыі ЭС і ЗША», — сказаў А. Лукашэнка.

Ён працягваў, эківокамі: «Наколькі я інфармаваны, гэтая пазыцыя ня ўстроіла аднаго Казуліна. Пытаньне было ў тым, што ягоная жонка хворая, і да мяне зьвярнуліся паслы Эўрасаюзу... Я згадзіўся — хай вязе, лечыць жонку. Сёньня стаціь пытаньне пра лячэньне ў Германіі, трэба суправаджаць жонку... Але наколькі ранкам я быў інфармаваны, ён адмовіўся яе лячыць. Але гэта сямейныя праблемы, адмовіўся, дык адмовіўся. Што трэба ад мяне, я прапанаваў, але ён адмовіўся яе лячыць. Ён адмовіўся нават пасьля таго, як ягоныя дочкі паехалі і ўгаворвалі ўратаваць маму, яму гэтая мама ўжо даўно не была трэба... Але я не хачу ўлазіць у чужыя дзялы, жыцьцё ўсе расставіць па сваіх месцах».

А. Лукашэнка так падвёў вынік: «Мы зрабілі беспрэцэдэнтны крок добрай волі і цяпер паглядзім, як адкажуць на гэта ЭС і ЗША. — Нашаму народу я раю паназіраць за рэакцыяй Захаду: наколькі яны гатовы да канкрэтных крокаў».

МБ; цытаты БЕЛТА, пер. МБ

***

У Ірыны Казулінай прапаў голас

У Ірыны Казулінай праз хваробу прапаў голас, яна абсалютна ня можа гаварыць, таму па камэнтар мы зьвярнуліся да дачкі экс‑кандыдата ў прэзыдэнты Вольгі.

«Наша Ніва»: Вы чулі пра заявы Лукашэнкі?

Вольга Казуліна: Так, чула. Я хачу сказаць толькі адно — гуляць на душах і пачуцьцях іншых людзей проста непрыгожа. Няхай лепш сходзіць у царкву і памоліцца. Ня трэба прыкрывацца хваробай маёй маці.

«НН»: Дык а ў турме падчас сустрэчы на гэтым тыдні Вы абмяркоўвалі з бацькам магчымасьць ягонага вызваленьня?

ВК: Мы абмяркоўвалі нашу супольную будучыню. Прабачце, больш сказаць я нічога не магу.

***

Зьміцер Дашкевіч: Казулін засьведчыў сваю мужнасьць

Пракамэнтаваць пятнічныя заявы Лукашэнкі мы папрасілі былога палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, які выйшаў на волю 25 студзеня.

«НН»: Зьміцер, што Вы думаеце пра заявы А. Лукашэнкі наконт Казуліна?

Зьміцер Дашкевіч: Думаю, што гэты чалавек чарговы раз засьведчыў сваю нязломнасьць і мужнасьць. Ягоная стойкасьць вартыя павагі і шанаваньня. Застаецца толькі пазычыць Аляксандру Ўладзіслававічу духоўнай моцы і трываласьці на абраным ім шляху. Перакананы, што Лукашэнка не дачакаецца на сваёй пасадзе, калі скончыцца турэмны тэрмін зьняволеньня Казуліна паводле прысуду.

«НН»: Лукашэнка адзначыў, што палітвязьня “рабілі добрыя справы для ЗША і Эўрасаюза”. Асабіста ты што рабіў для Амэрыкі і ЭС?

ЗД: Мая дзейнасьць, як і дзейнасьць “Маладога фронту” толькі на Беларусь, на духоўнае абуджэньне нашага народу. Думаю, што гарант Канстытуцыі цудоўна гэта ведае, таму і робіць такія заяўку. Ягоныя словы ня ёсьць словамі моцнага палітыка, а чалавека загнанага ў кут, які мусіць агрызацца.

Запісаў Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0