У Аляксандра Лукашэнкі і Эўразьвязу, мусіць, розныя сьпісы палітычных зьняволеных. У пятніцу беларускі афіцыйны лідэр акцэнтаваў ўвагу на тым, што пытаньне "з так званымі палітвязьнямі" закрытае.

www.dinta.ru

Такім чынам ён пацьвердзіў, што не агаварыўся, выступаючы трыма днямі раней у БДУ. Тады прагучала, што гэтая "хваравітая старонка" перагорнутая і цяпер трэба чакаць крокаў Брусэлю ў адказ.

Шанцы на хуткае вызваленьне Казуліна і Клімава сталі зусім прывіднымі. Хіба што пашанцуе Зьдзвіжкову і Кіму.

Зрэшты, што да Казуліна, то, наколькі можна зразумець зь інтрыгоўных выказваньняў Лукашэнкі ў Віцебску, быў нейкі плян ягонага вызваленьня (пад маркай таго, што трэба везьці жонку на лекаваньне ў Нямеччыну), але гэты варыянт сарваўся. Тут, канешне, хацелася б больш пэўнай інфармацыі. Ня выключана, што дэ-факта Казуліну вылучылі жорсткую, непрымальную для яго ўмову: толькі эміграцыя! Пачакаем тлумачэньняў зь іншых вуснаў.

Так ці іначай, відавочна, што пацяпленьне стасункаў з Эўропай Менск спрабуе купіць за паўцаны. Ня выкананы цалкам нават адзін з 12 пунктаў ЭЗ. Разам з тым, Лукашэнка перакідае мяч на бок Брусэлю ды Вашынгтону і раіць электарату ўважліва адсачыць, ці пойдуць тыя насустрач. Калі заходнікі выявяць прынцыповасьць, то глеба для абвінавачаньня ў няшчырасьці ды падвойных стандартах з боку афіцыйнага Менску падрыхтаваная ўжо.

Зрэшты, ня выключана, што Казулін з Клімавым стануць разьменнай манэтай ў кантэксьце парлямэнцкіх выбараў. Менск усё ж зацікаўлены, каб Захад ня надта іх зганіў.

ЗЫ. Інтрыга з палітвязьнямі, насуперак сьцьверджаньню, што "старонка закрытая", працягвае разьвівацца. Паводле "Эўрарадыё", вызвалены Клімаў. Так што сюжэт набывае новыя абрысы. Але пры гэтым застаецца сытуацыя заганнага кола: адных выпускаюць, іншых садзяць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру