Больш за два дзясяткі гадоў салігарчанін Віктар Малочка аддаў службе ў міліцыі. Зараз пенсіянер МУС Малочка ўзначальвае мінскую абласную арганізацыю Аб’яднанай грамадзянскай партыі. За спінай Віктара насычанае падзеямі жыццё…

«Каб атрымаць партбілет, прыйшлося добра выпіць»

— Я рос звычайным вясковым хлопцам, — распачаў свой аповед Віктар Уладзіміравіч. — Нарадзіўся тут, пад Салігорскам, у вёсцы Крывічы. Пра выбар будучай прафесіі стаў задумвацца ў старэйшых класах. Бацькі тлумачылі: маўляў, трактарыстам ты заўжды зможаш стаць, але лепш «у людзі выбіцца». Пад гэтым тады, напрыканцы 1970-х гадоў, разумелася адно: трэба ехаць у горад.

Па шчырасці, я не думаў станавіцца міліцыянерам, хацеў быць юрыстам. Але лёс распарадзіўся іначай. Пасля службы ў войску прыехаў у Мінск, дзе ўладкаваўся на працу ў міліцыю, а канкрэтна — у ведамасны полк па ахове будынкаў партыйных органаў. Напрыклад, ахоўваў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны… Там здараліся бязглуздыя злачынствы…

— Няўжо нехта скраў муляж гарматы?

— Не, гарматы ў нас не кралі, а вось пісталеты, бывала, цягнулі.

За час маёй працы ў музеі было здзейснена некалькі крадзяжоў. Так, са стэндаў зніклі некалькі пісталетаў. Адна адзінка скрадзенай зброі належала Фёдару Сурганаву, які ў часы вайны партызаніў, а пазней стаў высокім уладным функцыянерам.

Схема крадзяжу была наступная: пасля закрыцця музея вынаходлівы наведвальнік хаваўся ў будынку музея і, дачакаўшыся ночы, праз вокны выкідваў экспанаты…

Так мы і не высветлілі асобу злачынцы, тады ж відэакамер не было. Я вам скажу, што красці пісталеты з музея само па сабе глупства, бо ў іх прасвідраваны ствалы. Зброя знаходзіцца ў непрацоўным стане. Але выпадкі ўсё ж такі былі…

— Калі гэта здарылася падчас вашай службы — значыць, промахі былі вашы. Тым не менш вы без праблем паступілі ў Вышэйшую школу міліцыі…

— 3 кім не бывае недарэчнасцяў! (Усміхаецца.) А ў Мінскую вышэйшую школу Міністэрства ўнутраных спраў СССР я і сапраўды паступіў без праблем. Дарэчы, адным з маіх аднакурснікаў быў колішні міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў. Што пра яго магу сказаць? Мы мала з ім перасякаліся, ён быў звычайны студэнт, які, як і ўсе мы, марыў змагацца са злачыннасцю… Пасля заканчэння Вышэйшай школы міліцыі нашы шляхі разышліся, а пабачыў я былога аднакурсніка праз шмат гадоў. Па тэлебачанні, калі яго прызначалі на высокую пасаду.

— Зайздросцілі?

— Зусім не. Я не маю права асуджаць Анатоля Нілавіча, і, магчыма, ён і не мог адмовіцца ад гэтага прызначэння, але я міністрам МУС пры сённяшнім кіраўніцтве краіны працаваць адмовіўся б… Я так разумею: па сумленні ўзначальваць МУС зараз можна толькі з адной мэтай — раскрыць знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага… Ні ў папярэднікаў Куляшова, ні ў яго самога, ні ў міністраў-паслядоўнікаў раскрыць гэтыя злачынствы не атрымалася. Я не буду разважаць над пытаннем, чаму гэтыя злачынствы дагэтуль не раскрыты, хай кожны думае і вырашае сам…

— Вернемся ў васьмідзясятыя. Пасля размеркавання вы трапілі ў Расію…

— У 1986-м я трапіў на працу ў Амурскую вобласць. Служыў у Благавешчанску ў аддзеле па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай маёмасці. Быў на добрым рахунку. Мяне нават прызначылі сакратаром камітэта камсамола ў райаддзеле. Часы былі цікавыя: дыхнула галоснасцю, дэмакратыяй… Я разумеў, што Савецкі Саюз дажывае апошнія гады, таму ўсім сваім актывістам наўпрост аб'явіў: «Хочаце — выходзьце з арганізацыі».

У 1990 годзе я нарэшце знайшоў магчымасць перавесціся ў Беларусь. А тут яшчэ камунізм буяў на ўсю моц… і мяне не хацелі браць на працу ў салігорскую міліцыю. Я ж не член камуністычнай партыі, да таго ж на Далёкім Усходзе добраахвотна распусціў камсамольскую ячэйку. Карацей, усё выглядала так, што я «ненадзейны элемент» і не заслугоўваю права працаваць у міліцыі…

— Якое выйсце знайшлі?

— Выйсце? Прыйшлося добра выпіць! (Смяецца.) Пайшоў да сакратара парткама райаддзела. Кажу: «Трэба мне неяк у партыю ўступіць, бо без гэтага Салігорск не прымае…» Сакратаром парткама быў беларус з Гомельшчыны. Ён і кажа: «Выйсце, канечне, ёсць…» Прасядзелі мы з ім за чаркай ноч. А раніцай з перагарам з роту і пакамечаным тварам я «ўліўся ў шэрагі КПСС», хаця, зразумела, не падзяляў камуністычных ідэалаў. Вось так, падставіўшы печань пад алкагольны ўдар, стаў «камуністам». 3 партбілетам я і паехаў на Радзіму…

«Я адмовіўся здымаць нацыянальны сцяг са сцяны працоўнага кабінета…»

— Камуністам я прабыў нядоўга, — працягвае расказваць Віктар Малочка. — Мой камуністычны стаж склаў некалькі месяцаў.

У Салігорску я стаў працаваць у службе АБЭЗ. У 1991 годзе адбыліся падзеі ля Вільнюскага тэлецэнтра, і я яшчэ раз упэўніўся: мне з гэтым крывавым камуністычным рэжымам не па дарозе. Напісаў заяву аб выхадзе з шэрагаў КПСС. Сабралася нарада, на якой мяне паспрабавалі змяшаць з брудам. Маўляў, мы табе высокі давер аказалі, на працу ўзялі, а ты нам нож у спіну. А потым у Маскве здарыўся путч, і ўсе тыя, хто мяне папракаў, самі здалі партбілеты. У Беларусь прыйшла незалежнасць, нам тады здавалася, што надышоў час новых магчымасцяў, новага жыцця… У людзей была сапраўдная эйфарыя. I што самае галоўнае — права выбару.

— Якім быў ваш выбар?

— Натуральна, нацыянальным. На | самым пачатку дзевяностых гадоў тут, у Салігорску, была суполка БНФ. Я, дзеючы супрацоўнік міліцыі, свядома ўступіў у шэрагі гэтага руху. Зараз уявіць падобнае немагчыма, а тады — вельмі проста.

Увогуле, тое, што зрабіў для Беларусі Зянон Пазняк разам з паплечнікамі, недаацаніць цяжка. Нас жа як у школе вучылі: гісторыя пачынаецца з 1917 года. Пра тое, што Расія на працягу многіх стагоддзяў гвалціла Беларусь, маўчалі. Пра злачынствы камуністычнага рэжыму — ані слова. Пазняк адкрыў многім вочы на нашу гісторыю, на злачынствы камуністаў-бальшавікоў. Гэта быў прарыў, гэта быў глыток свежага паветра для нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. У нас з'явіўся шанец для нацыянальнага адраджэння…

— Які быў паспяхова страчаны пасля першых прэзідэнцкіх выбараў…

— Не сакрэт, што першыя выбары прэзідэнта ў незалежнай Беларусі былі самымі дэмакратычнымі. Успамінаючы выбары 1994 года, скажу, што быў сведкам таго, як пасярод ночы будзілі старшыню адной з выбарчых камісій.Будзілі не для фальсіфікацый і ўкіду бюлетэняў, а для таго, каб ён разам з сябрамі выбарчай камісіі ў чарговы раз пералічыў галасы. Каб усё было дакладна — голас у голас.

Ну а потым… Потым свабоды паступова стала ўсё менш і менш. Я адчуў гэта на ўласным прыкладзе.

— За перакананні сталі прыціскаць на працы?

— Можна і так сказаць. У маім працоўным кабінеце вісеў бел-чырвона-белы сцяг. Пасля сумна вядомага рэферэндуму 1995 года прыйшоў начальнік і скамандаваў: «Здымай!» Я адмовіўся. Сцяг усё ж такі знялі, але без мяне.

«Год таму я павінен быў памерці…»

— 3 міліцыі сышлі са скандалам?

— Спакойна я сышоў. Сітуацыя склалася так, што трэба было прыстасоўвацца да новых умоў. Дакладней — дацярпець. Дапрацаваў да пенсіі і спакойна напісаў рапарт на звальненне. Даслужыўся да звання падпалкоўніка фінансавай міліцыі.. А потым… Потым пачаліся пэўныя праблемы са здароўем.

— Ведаю, што нейкі час вы жылі са смяротным дыягназам…

— Я не вельмі люблю пра гэта расказваць, але анкалагічнае д захворванне ў мяне і сапраўды было.

Страшны дыягназ «рак» мне паставілі амаль шэсць гадоў таму, хаця я стараўся сачыць за ўласным здароўем. Раз у год абавязкова хадзіў да дактароў, правяраўся… Калі чэсна, у мяне былі адчуванні, што нешта са мной не тое, што ўнутры ў мяне ёсць штосьці лішняе… Ну і вось, прыйшоў глытаць зонд. Гляджу: дактары замітусіліся. Па шчырасці, я адразу ўсё і зразумеў. 3 бальніцы выйшаў з дыягназам — рак страўніка другой ступені. Наперадзе чакала аперацыя…

— Усведамлялі, што можаце пасля яе не прачнуцца?

— Я не баюся смерці. Шкада было толькі жонку Наталлю. Мая Наташа значна маладзейшая за мяне, у той час яна была цяжарная…

Увогуле, анкалогія — гэта біч не толькі Салігорска, але і ўсёй краіны. У Салігорску нават спецрэйс ёсць — проста ў анкацэнтр у Бараўляны. Яго пасажырам стаў і я. Дзякуй Богу, аперацыя прайшла паспяхова. Мне цалкам выдалілі страўнік і частку стрававода.

Пасля кожнай такой аперацыі дактары стандартна вызначаюць тэрмін, які можа пражыць чалавек. Мне далі пяць гадоў. Такім чынам, у мінулым годзе я павінен быў памерці.

— Вы выжылі, а сын ваш…

— Гэта быў чорны год майго жыцця… Я толькі-толькі пачаў адыходзіць пасля аперацыі, як жонка нарадзіла сына. Але Мацвей, не пражыўшы і двух тыдняў, памёр… Не дай Бог нікому такога перажыць. У мяне дагэтуль у вушах стаіць жончын крык на могілках…

«Дзяржава ператварыла грамадства ў насельніцтва…»

— Віктар, вы моцны чалавек. Але навошта вам пасля таго, што вы перажылі, апазіцыйная дзейнасць, старшынства ў абласной структуры Аб'яднанай грамадзянскай партыі?

— Я не цярплю несправядлівасці на генетычным узроўні. Разумею, што апазіцыйная дзейнасць у сённяшніх умовах для некаторых здаецца барацьбой з ветракамі. Але прасцей за ўсё легчы на канапу і нічога не рабіць. А я перакананы: у першую чаргу трэба заставацца грамадзянінам, а астатняе — другаснае…

— Але пра буйныя поспехі апазіцыі ў Салігорску ці ініцыятывы нацыянальнага ўзроўню не чуваць…

— Бяда ў тым, што за апошнія дваццаць гадоў дзейная ўлада ператварыла грамадства ў насельніцтва. Кажаце: дваццаць гадоў — гэта мала ў маштабах гісторыі? А я вам скажу, што за гэты час вырасла цэлае пакаленне, якое нічога іншага не бачыла.

Людзі перасталі цікавіцца тым, што адбываецца навокал, тым, што адбываецца ў краіне. Салігорск — прамысловы горад, які ўва ўсіх асацыіруецца ў першую чаргу з «Белкаліем». У мяне ёсць шмат знаёмых, якія працуюць на гэтым прадпрыемстве. Дык калі пачынаю размаўляць з імі «за палітыку», часцяком чую: «Навошта мне твая палітыка? Ідзі лепш зазірні ў халадзільнік, глянь, колькі гатункаў рознай каўбасы ляжыць». Вось філасофія! Ён прыйшоў з працы, з’еў каўбасы, паглядзеў серыялы пра ментоў і лёг спаць… Халадзільнік з тэлевізарам перамагаюць розум — вось палітыка, якая зараз праводзіцца.

— Дык ішлі б у народ з асветніцкай місіяй…

— Мы робім тое, што можам. Па шчырасці, у Салігорску апазіцыйных актывістаў не так і шмат. Але змагаемся. Зусім нядаўна і да нашага горада дакацілася хваля «русского мира». У цэнтры горада людзям прадавалі сцяжкі СССР. Я напісаў зварот у міліцыю: маўляў, разбярыцеся. Калі можна прадаваць савецкую сімволіку, чаму я не магу проста раздаваць бел-чырвона-белыя сцяжкі? Прыйшоў адказ: немагчыма ўстанавіць асоб, а калі вы, Віктар Уладзіміравіч, надумаеце прадаваць (хоць я пісаў даваць) бел-чырвона-белыя сцягі людзям, то абавязкова будзеце прыцягнуты да адказнасці…

— Не паважаюць вас былыя калегі?

— Тых, з кім я працаваў, у Салігорскай міліцыі на сёння засталіся адзінкі. А былыя калегі… Нехта падтрымлівае адкрыта, нехта пры сустрэчы імкнецца хутчэй перайсці на другі бок вуліцы, бо для іх я «бандэравец». А ўся мая бандэраўшчына заключаецца ў тым, што я ў роднай краіне прынцыпова размаўляю на беларускай мове і дамагаюся таго, каб чыноўнікі не парушалі закон.

— Дарэчы, пра мову… У Салігорску няма ніводнага дзіцячага садка, ніводнай школы, дзе дзяцей выхоўвалі б на роднай мове.

— Гэта, на вялікі жаль, так. Мы ўздымалі гэтае пытанне, але адказ чыноўнікаў ад адукацыі быў прыкладна такі: маўляў, няма сярод гараджан попыту на беларускасць і групу беларускамоўных дзяцей набраць немагчыма. Але мая чатырохгадовая дачка Варвара ведае і размаўляе на беларускай мове. I вось аднойчы яна прыходзіць з дзіцячага садка і кажа: тата, я больш ніколі не буду казаць дзецям «Да пабачэння!», бо мяне выхавацелька перадражнівае. Гэта жах! Канечне, тая выхавацелька больш з дзецьмі не працуе, але вось ён, вынік панавання антыбеларускай улады ў краіне.

Я не магу прымусіць усіх думаць так, як я… Але калі я, вы, трэці, пяты будзем дамагацца павагі да сябе, то праз некаторы час мы будзем жыць у зусім іншай — дэмакратычнай — краіне…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?