Міжнародная арганізацыя працы (МАП) сёлета можа не ўключыць Беларусь у спецпараграф як краіну, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў. Пра гэта заявіў БелаПАН кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў Аляксандр Ярашук па выніках разгляду «беларускага пытання» на Міжнароднай канферэнцыі працы (МКП) у Жэневе.

На праведзеным 5 чэрвеня ў межах 104-й сесіі МКП пасяджэнні камітэт па нормах і стандартах МАП выслухаў гадавую справаздачу аб сітуацыі з правамі працоўных і прафсаюзаў міністра працы і сацабароны Мар`яны Шчоткінай, якая ўзначальвае беларускую ўрадавую дэлегацыю на гэтай канферэнцыі. 

«Была вельмі вострая дыскусія, не меней вострая, чым на мінулых канферэнцыях, — сказаў Ярашук. — Тон абмеркавання цягнуў на тое, што павінен быць спецпараграф, бо прынцыпова ўсе разумелі, што палітычная сістэма ў Беларусі становіцца ўсё больш жорсткай, і ў гэтай сітуацыі гаварыць аб правах прафсаюзаў вельмі складана». 

Аднак таму, што Беларусь, хутчэй за ўсё, пазбегне ўключэння ў спецпараграф МАП, паводле слоў Ярашука, можа паспрыяць некалькі акалічнасцяў. Па-першае, прыняцце Аляксандрам Лукашэнкам дэкрэта № 4 — гэты дакумент скасаваў умову, пры якой прафсаюз на прадпрыемстве мог быць створаны пры намеры яго арганізаваць не менш як 10% ад агульнай колькасці працоўных. 

«Гэта частка галоўнай рэкамендацыі камітэта па расследаваннях — рэкамендацыі пра адмену дазвольнага прынцыпу стварэння і дзейнасці прафсаюзаў, — сказаў лідар БКДП. — Менавіта таму быў расцэнены такі палітычны крок, хоць усе добра разумелі, што гэта не змяняе сітуацыі з правамі працоўных і прафсаюзаў у Беларусі. Вядома, таксама было ацэнена жаданне, — найперш Мінпрацы, якое прадстаўляе ўрад, — працягваць дыялог з МАП, якое выказалася ў правядзенні шэрагу мерапрыемстваў». 

Паводле слоў Ярашука, урадавая дэлегацыя Беларусі адкрыта разлічвала на тое, што ў выніковым дакуменце па слуханні «будзе запіс аб прагрэсе ў сітуацыі з правамі прафсаюзаў». «Але я не думаю, што здарыцца штосьці неверагоднае і з`явіцца падобны запіс», — адзначыў ён. 

Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў палічыць «здавальняючым і поўнасцю прымальным вынікам», калі МАП не ўключыць Беларусь у спецпараграф, але і не адзначыць прыкметнага паляпшэння сітуацыі з правамі прафсаюзаў, хоць «урад гэта не задавальняе». 

На абмеркаванні «беларускага пытання», сказаў Ярашук, прысутнічалі ўсе краінавыя дэлегацыі. Прадстаўнікі замежных дзяржаў «выказваліся як у падтрымку ўрада Беларусі, так і супраць». 

Рашэнне МАП па Беларусі, як мяркуецца, будзе абвешчана 10 чэрвеня. 

Нагадаем, «беларускае пытанне» з`явілася на парадку дня МАП у 2003 годзе. Тады Адміністрацыйны савет МАП пачаў расследаванне парушэння правоў прафсаюзаў у Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў. Па выніках расследавання Беларусь неаднаразова ўносілі ў спецпараграф МАП як краіну, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў. Гэта, у сваю чаргу, стала прычынай для выключэння Беларусі ў чэрвені 2007 года з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўрасаюза. 

Для вяртання прэферэнцый урад Беларусі павінен выканаць 12 рэкамендацый МАП, сярод якіх: даць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць пярвічныя арганізацыі; даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць пераслед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасці; забяспечыць усім прафсаюзным аб`яднанням права ўдзелу ў вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?