Дзяржаўнае прадпрыемства Белтэлекам абвясціла тэндар на закупку праграмна-апаратнага комплексу, адной з задач якога будзе збор і захоўванне на працягу года гісторыі наведвання кожным карыстальнікам (кліентам) сеткі Інтэрнэт.
Варта адзначыць, што гэта патрабаванне — захоўваць логі — кожны аператар сувязі або правайдар абавязаны выконваць з 2016 года.
Умовы тэндару таксама раскрываюць намеры дзяржпрадпрыемства ўмяшацца на мясцовы рынак кантэкстнай рэкламы. Але галоўнае заключаецца ў наступным.
Адзін з лотаў тэндэру прадугледжвае пастаўку АПК, здольнага ідэнтыфікаваць і тарыфікаваць зыходячы галасавы трафік (у тым ліку IP-тэлефанія) з прывязкай да канкрэтнага карыстальніка (кліента) сеткі Інтэрнэт, паведамляюць блізкія да ААЦ крыніцы.
Іншымі словамі, сістэма будзе здольная асачыць вашыя галасавыя зносіны са сваяком, таварышам, напрыклад ў ЗША, і выставіць вам рахунак за тэлефонную размову па дзеючых тарыфах.
Застаецца толькі дадаць, што беларускі аналаг скайпа, які Белтэлекам адчайна і пакуль адносна беспаспяхова спрабуе ўкараніць у жыццё, з'яўляецца платнай паслугай і патрабуе аплаты за званкі нават па Беларусі.





