На запрашэнне міністра замежных спраў Расійскай Федэрацыі Сяргея Лаўрова 7—8 чэрвеня Расію з візітам наведае міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Фота ria.ru

Фота ria.ru

Як паведамляе расейскае МЗС, міністры «звераць падыходы» да актуальных двухбаковых пытанняў, а таксама па міжнародным і рэгіянальным парадку дня, у першую чаргу па сітуацыі ва Украіне. «Сёння вельмі важная бесперабойная праца Кантактнай і рабочых падгруп па ўрэгуляванні крызісу ў гэтай краіне. Беларускі бок прадаставіў сваю тэрыторыю ў якасці перамоўнай «пляцоўкі» і не раз заяўляў аб сваёй зацікаўленасці ў больш хуткім урэгуляванні ўкраінскага крызісу», — гаворыцца ў каментары МЗС РФ.

Будуць таксама абмеркаваны стан і перспектывы адносін Расіі і Беларусі з Еўрапейскім саюзам і ЗША, у тым ліку ў кантэксце саміту Усходняга партнёрства, які адбыўся 21—22 мая ў Рызе.

У ходзе перамоваў кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмяркуюць працэс рэалізацыі Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2014—2015 гады. Міністэрствам замежных спраў Расіі і Беларусі даручана падрыхтаваць і прадставіць на разгляд Савета міністраў Саюзнай дзяржавы праграму на перыяд 2016—2017 гг.

Лаўроў і Макей закрануць тэматыку рэгулярных двухбаковых кансультацый па лініі знешнепалітычных ведамстваў, разгледзяць ход выканання Плана рэалізацыі на міжнароднай арэне расійска-беларускіх ініцыятыў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, які быў зацверджаны на сумесным пасяджэнні калегій міністэрстваў замежных спраў Расіі і Беларусі ў Мінску 18 лістапада 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?