Так, адказваючы на пытанне пра Украіну, Пуцін чарговы раз падкрэсліў, што Расія не краіна-агрэсар, акрамя таго «ЛНР і ДНР гатовыя лічыць сябе часткаю Украіны». Для гэтага, маўляў, «Украіне трэба даказаць, што ў яе складзе жывецца лепш». Праўда, тут Пуцін супярэчыць сам сабе – паводле яго ж словаў на Данбасе цяперака склалася гуманітарная катастрофа. Куды ж тут горш?
Фота corriere.it
Крым, паводле Пуціна – «галасаваў» на карысць далучэння да Расіі, а вось «ДНР» і «ЛНР» «галасавалі» за незалежнасць. Таму крымскі сцэнар у «Наваросіі» немагчымы.
Таксама прэзідэнт РФ запэўніў італьянскіх журналістаў, што баяцца нападзення Расіі на НАТА не варта — толькі хворыя людзі, маўляў, могуць пра гэта разважаць.
Аднак разам з тым Пуцін адзначыў, што Расія будзе развіваць свой наступальны патэнцыял і удасканальваць сістэмы, здатныя пераадолець супрацьпаветраную абарону: «Мы ўжо дамагліся значнага прагрэсу ў гэтым кірунку».
У праблемах узаемаадносін Еўропы і Расіі Пуцін па завядзёнцы абвінаваціў Амерыку. Праўда ўскосна, а не наўпрост.
«Я гэта кажу, як гіпотэзу — ЗША не хочуць збліжэння паміж Расіяй і Еўропай, гэта здагадка. Напрыклад, ЗША хоча захаваць сваё лідарства ў Атлантычнай супольнасці. Для гэтага ім патрэбна знешняя пагроза, праціўнік. Той жа Іран — гэта не пагроза, відавочна. І тут раптам адбываецца крызіс ва Украіне — Расія вымушана рэагаваць. Можа быць гэта ўсё рабілася з мэтай, я не ведаю», — асцярожна выказаўся Пуцін.
На пытанне аб імперскіх амбіцыях Масквы Пуцін адказаў пытаннем, пацікавіўшыся: чаму Еўропе – можна, а «нам» – не? «Інтэграцыя еўрапейскіх краін лічыцца нормай, але калі мы на пастсавецкай прасторы робім тое ж самае — то гэта жаданне Расіі аднавіць імперыю? Не разумею такіх падыходаў», — сказаў прэзідэнт Расіі і адзначыў, што добра ведае, як змагацца з палітычнымі апанентамі ўнутры краіны.