Фота БелТА.
Спецпрадстаўнік старшыні АБСЕ ва Украіне, пасол Хайдзі Тальявіні «не будзе выконваць далей свой мандат».
«Пасол Хайдзі Тальявіні жадае ў бліжэйшы час завяршыць свой мандат», — паведаміў карэспандэнту ТАСС афіцыйны Прадстаўнік федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі Жан-Марк Крэвуаз'е. Якіх-небудзь іншых падрабязнасцяў афіцыйны прадстаўнік не паведаміў, адзначыўшы, што дадатковая інфармацыя будзе дадзена ў бліжэйшы час. «На гэты момант спадарыня Тальявіні не жадае выказвацца (па гэтым пытанні)», — сказаў на заканчэнне Жан-Марк Крэвуаз'е.
Тальявіні прызначылі спецыяльным прадстаўніком старшыні АБСЕ ва Украіне каля года таму. У студзені 2015 года новы старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Сербіі Івіца Дачыч працягнуў мандат Тальявіні.
Як спецыяльны прадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па Украіне Хайдзі Тальявіні ў апошні час не раз бывала ў Мінску.
Паводле адной з версій, адстаўка Тальявіні звязаная са зрывам пасяджэння трохбаковай кантактнай групы ў Мінску 2 чэрвеня, піша БелаПАН.
У той дзень у сталіцы Беларусі прайшлі паседжанні ўсіх чатырох рабочых падгруп, створаных у рамках трохбаковай групы: па бяспецы, а таксама па палітычных, эканамічных і гуманітарных пытаннях. Па выніках іх працы планавалася сустрэча кантактнай групы, аднак паседжанне было перанесена. Як заявіла Тальявіні журналістам, усе падгрупы «працавалі ў канструктыўным духу і ў шматлікіх пытаннях дасягнулі кансенсусу». «Але гэта ўсё вельмі складаныя пытанні», — дадала яна.
Усе сустрэчы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне праходзяць у закрытым рэжыме, таму ў СМІ паступае мінімальная інфармацыя пра ход перамоваў. Паводле неафіцыйных звестак, 2 чэрвеня ў Мінску бакам не ўдалося дасягнуць кампрамісу па шэрагу прынцыпова важных пытанняў, у тым ліку — аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю Украіны і правядзенні выбараў на Данбасе. У сувязі з гэтым Тальявіні і прыняла рашэнне перанесці абмеркаванне пытанняў папярэдне на 16 чэрвеня.
Тым часам сітуацыя на паўднёвым усходзе Украіны ў апошнія дні рэзка абвастрылася.
5 чэрвеня МЗС Беларусі заявіў пра гатоўнасць арганізаваць экстранную сустрэчу трохбаковай кантактнай групы.