У пасёлку Белавежскі (Камянецкі раён) каталікі ўсталявалі крыж побач з праваслаўным. Праваслаўныя гэтым абурыліся.

Кажуць, што крыж быў усталяваны без дазволу ўладаў. Мы патэлефанавалі ў Белавежскі праваслаўнаму айцу Аляксандру Сычэвічу, каб з першых з вуснаў даведацца аб сутнасці канфлікту. Ён сам родам са Столінскага раёна, а ў Белавежскім служыць два гады.

«Наша Ніва»: Айцец Аляксандр, раскажыце адкуль гэты канфлікт з каталіцкім крыжам пачаўся, дзе ягоныя карані?

Аляксандр Сычэвіч: Даўно ўсё гэта пачалося. Каталікі і самі кажуць, што крыж гэты хацелі паставіць яшчэ ў студзені 2014 года. Што я дакладна магу вам сказаць, дык гэта апошнія дзён дзесяць, пасля таго, як крыж без узгаднення са свецкімі ўладамі быў усталяваны, пачаўся раздор. Хаця сур’ёзнага раздору няма, страшнага нічога не адбылося. Хай стаіць крыж, калі ім так хочацца, калі ёсць на тое згода ўладаў.

«НН»: У паведамленнях Вы паўстаеце як галоўны праціўнік гэтага крыжа.

АС: Не, ну я выступаў… У нас быў сход жыхароў пасёлка, дзе мы павінны былі вырашыць, ці будзем мы ставіць каталіцкі крыж. Ведаеце, мне само пытанне незразумелае. Як мы можам гэта вырашаць, калі крыж ужо стаіць, правільна? А па-другое, канфесій у наш час шмат, рэлігій шмат, кожны можа верыць у таго Бога, у якога хоча. Але справа ў тым, каб пазбегнуць канфліктаў, сварак, нам трэба выконваць не толькі царкоўныя законы, але і свецкія, каб не было свавольства.

На сход мы прыйшлі толькі дзеля таго, каб прагаласаваць, што наш крыж павінен стаяць, а каталіцкі, калі пытаюцца наша меркаванне, то ставіць былі не павінны. Каталікі кажуць, што ім гэты крыж неабходны, каб нябожчыка прывезці да яго. Гэта што, таінства? Не, ксёндз Андрэй сам мне адказаў, што не таінства. Няма канкрэтнай прычыны для таго, каб крыж быў усталяваны. А тое, што ёсць нейкая грамада, ёсць каталікі, то калі ласка. Няхай узгадняюць, няхай моляцца. Галоўнае — каб вайны не было.

«НН»: А вы хочаце чаго, каб крыж спілавалі, выкапалі?

АС: Не, не. Яго пілаваць не трэба. Ён жа у завесах на балтах, зняць яго можна ды прывезці да касцёла паставіць. Ніхто ні ў якім выпадку крыжы ламаць не будзе. Пра мяне кажуць, што я прапанаваў «знесці» крыж, гэта значыць наздзекавацца, зламаць. Але мы гэтага не хочам. Трэба ці акуратна дастаць яго, ці няхай атрымліваюць дазвол райсавета.

«НН»: У прыклад Белавежскаму ставяць Высокае, дзе праваслаўны і каталіцкі крыжы стаяць побач і нікому гэта не замінае.

АС: Там ёсць касцёл, там ёсць карані каталіцкія. Гэты крыж там сапраўды павінен быць. А калі крыж у Белавежскім прынёс такі вялікі раздор, прынёс нянавісць, хіба гэта на дабро? Не, я лічу, што не на дабро. Трэба рабіць мірным шляхам, каб стаяў ён на славу Божую, а не для канфлікту.

«НН»: Вы казалі, што ў Белавежскім 90% жыхароў – гэта праваслаўныя.

АС: Гэта я так падлічыў. У нас каля 3000 жыхароў пасёлка. У ксяндза спытаўся, колькі ў яго тут прыхаджан, ён адказаў, што каля 20 сем’яў. Я ведаю, што ёсць 5 баптыстаў, 10 сведкаў Іеговы, ёсць адна сям’я мусульман. Ну я прыкінуў, што 90% праваслаўныя.

«НН»: Але ж уцаркаўлёных, мабыць, мала.

АС: Так, уцаркаўлёных мала. Але нават калі яны не прыходзяць на службу ў нядзелю, то прыходзяць на святы, каб асвяціць, пахрысціць, адпець. Па патрэбах ходзяць у царкву.

Прыхаджан стабільных у нас чалавек 100. Але і астатнія даволі веруючыя людзі.

«НН»: Як вы бачыце развіццё гэтай сітуацыі?

АС: Калі ўсталявалі крыж, то я сядзеў спакойна. Ніякіх канфліктных сітуацый не ствараў. Адзінае, што прыйшоў на сход, бо толькі каталіцкі бок не можа рашаць гэтую сітуацыю. Гэта я параўноўваю з выбарамі прэзідэнта. Мы ідзём на выбары не канфліктаваць, а аддаць голас за таго чалавека, якога хочам бачыць ва ўладзе. Але там была каталіцкая прэса, яна гэта раздзьмула. Цяпер гэтай справай займаецца райвыканкам, як яны вырашаць, так і будзе.

«НН»: У райвыканкаме кажуць, што канфлікт высмактаны з пальца.

АС: На сходзе было 80 чалавек. Я на сайтах чытаў, што напісалі: «Каталіцкая паства пакінула сход». Ну гэта няпраўда! Пакінулі якраз праваслаўныя. Можа, і выйшла дзеля правакацыі 1—2 каталікі. Сход жа, па сутнасці, быў правакацыйным. Там было каталіцкае польскае тэлебачанне, былі прадстаўнікі каталіцкай газеты. Гэта, я лічу, правакацыя. Яны напісалі няпоўную праўду. Калі нехта і раздзімае скандал, то толькі іхні бок. Асабіста мне не хочацца канфлікту. Але зразумейце нас праваслаўных, мы не хочам, каб каталіцкая вера прыходзіла рэйдарскім захопам, як яны робяць. Спачатку незаконна паставілі крыж, цяпер пішуць артыкулы выдуманыя.

«НН»: А якія ў вас адносіны з каталіцкім святаром?

АС: Ды ніякіх. Калі шчыра, то на сходзе мы толькі пазнаёміліся. Ні сяброўскіх, ні канфліктных. У мяне ў пасёлку жывуць каталікі і баптысты. У мяне да ўсіх добрае стаўленне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?