Джазавыя вечары ў самым цэнтры сталіцы — добры пачатак фестывальнага лета

Джазавыя вечары ў самым цэнтры сталіцы — добры пачатак фестывальнага лета

Мінулыя выходныя мусілі пераканаць мінчукоў не сядзець дома гэтым летам: у суботу пад ратушай распачаліся джазавыя вечары, у нядзелю прайшлі масавыя баі фарбамі. Што рабіць далей? «Наша Ніва» сабрала шэраг цікавых летніх фэстаў у Беларусі.

Калі збіраецеся правесці летні адпачынак за мяжой, паглядзіце на 30 музычных фэстаў блізкага і далёкага замежжа.

«Музычныя вечары ў Мірскім замку», 12-14 чэрвеня

Мірскі замак сёлета прыме незвычайных гасцей: разам з зоркамі беларускай эстрады выступяць расійскія спевакі Міхаіл Шуфуцінскі (ужо не: замест яго беларусы Neuro Dubel і Akute) і Лаліта, а бард-спявачка Паліна Рэспубліка спяе на адной сцэне з доктарам Сайковым.

«Джазавыя суботы ля Ратушы», 13 і 20 чэрвеня, Мінск

Мінчукоў чакаюць яшчэ два джазавых вечары на плошчы Свабоды. У бліжэйшую суботу выступяць выступяць Беата Пшыбытэк, Нгуен Ле і яго трыа «Агонь і вада», Клаус Штотэр Morfé. Праз тыдзень — Дэніс Баптыст і Apple Tea.

Купальскае Кола-2013, фота: Стас Шляхціч, Ultra-music.com

Купальскае Кола-2013, фота: Стас Шляхціч, Ultra-music.com

«Купальскае Кола», 20-21 чэрвеня, Дудуткі

Купалле ў Дудутках абяцае быць гучным: на ўжо сёмым «Купальскім коле» поруч са «Старым Ольсам» і «Палацам» выступяць Gods Tower, Dzieciuki, Omut, Rise in Rage, славутыя Vader і многія іншыя. Акрамя канцэртаў плануецца кірмаш майстроў, старажытныя гульні і абрады ды купальскія вогнішчы.

«Сонцазварот на Сяляве», 26-28 чэрвеня, кэмпінг Сялява

Пад Крупкамі (на ўсялякі выпадак: 54.54120°N, 29.18071°E) пройдзе сапраўдны кэмпінг-фэст з этна-дыскатэкай, спевамі пад вогнішча, горадам майстроў, экскурсіяй на таямнічы востраў ды майстар-класамі па танцах і пляценні вянкоў.

GreenFest, 3 ліпеня, аэрадром Баравая

На Дзень незалежнасці пад Мінскам выступяць славутыя рокеры Papa Roach з новым альбомам «F.E.A.R» пры падтрымцы расейцаў Lumen і «Кіпелов», а таксама беларусаў «Дай дарогу», Main-de-Gloire і іншых.

«Рэха-2013». Фота: s13.ru

«Рэха-2013». Фота: s13.ru

«Рэха», 3 ліпеня, пад Гродна

На тэрыторыю адпачынку «Велес» пад Гродна прывязуць музыку, якую прасцей за ўсё апісаць словам «незвычайная»: мінчукі Сяргей Пукст, Pafnutiy's Dreams, Mustelide, Slowner, масквічы Holy Palms і ЙЁ Котята, піцерцы Лемондэй і іншыя. Акрамя таго, на фэсце будзе куток хэндмэйду, open-air-лазня, разнастайныя майстар-класы і начныя кінапаказы.

«Гонару продкаў», 4-5 ліпеня, Вілейка

Да 555-годдзя Вілейкі ў «Ніжнім парку» пройдзе вялізны музычна-рыцарскі фэст з удзелам Znich, Rokash, Miareža, «Горынь» і многіх іншых, сярэднявечнымі танцамі, рыцарскімі баямі і сапраўдным штурмам замка, вандроўным тэатрам, батлейкай і фаер-шоў.

«Жывое неба Браслава», 11-12 ліпеня, Браслаў

На Замкавай гары Браслава спалучыцца амаль неспалучальнае: рамантычная Pauline, тэхаскі блюз Cross B Band, металісты Ivory, панкі Fake Lab, фольк-рокеры By Cry і многія іншыя.

«Космас наш», 17 ліпеня, Мінскае мора

На востраве Кахання пройдзе ўжо 11-ы фестываль клубнай музыкі «Космас наш». Сярод хэдлайнераў адзін з самых папулярных дыджэяў свету James Zabiela, добра знаёмы беларусам немец Westbam, London Elektricity and MC LowQui, а таксама паспяховы беларускі дыджэй Конь ды многія іншыя.

«Басовішча-2014». Фота: Jerzy Doroszkiewicz, poranny.pl

«Басовішча-2014». Фота: Jerzy Doroszkiewicz, poranny.pl

Basowiszcza, 17-18 ліпеня, Гарадок, Польшча

Адзін з найстарэйшых беларускіх фэстаў і самы беларускі з замежных фестываляў, «Басовішча» зноў стане конкурсам. Пераможцамі адборачнага конкурсу сталі Naka, By Cry, Exegutor і TonqiXod, а хэдлайнерам стане Brutto.

«Кола часу», 25 ліпеня, Ждановічы

На трэцім фестывалі рэтра-матацыклаў пад вёскай Ждановічы збяруць жалезных коней не маладзей за 30 год, запусцяць «матацыкл на дровах», правядуць рэтра-ралі, а таксама абяруць найлепшыя матацыклы ў некалькіх намінацыях.

«Viva Браслаў», 25 ліпеня, Браслаў

На цэнтральным пляжы горада выступяць украінцы «Бумбокс», галандзец Марк Сіксма, расійскі электроншчык Аляксандр Папоў і іншыя, таксама ў праграме фаер-шоў, феерверк ды аквапарк.

«Наш Грунвальд-2014». Фота: tio.by

«Наш Грунвальд-2014». Фота: tio.by

«Наш Грунвальд», 25-26 ліпеня, Дудуткі

Маштабны рыцарскі фэст з рэканструкцыяй Грунвальдскай бітвы, турнірамі ручнікаў, алебардыстаў і вершнікаў, рамеснымі майстэрнямі і майстар-класамі, танцамі дапоўняць выступы рок- і фолк-гуртоў з Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы.

Mirum Music Festival, 8 жніўня, Мір

Сёлета ў Мірскі замак вернецца любімая беларусамі грузінская джаз-спявачка Ніно Катамадзэ, разам з ёй выступіць украінскі электра-фольк гурт «Onuka». Неўзабаве абяцаюць назваць і трэцяга хэдлайнера.

Metal Crowd, 15-16 жніўня, Рэчыца

На 11-м фестывалі экстрэмальнай музыкі ў Рэчыцы цягам двух дзён выступяць нямецкія дэт-фольк-металісты Die Apokalyptischen Reiter, беларускія панкі Trubetskoy і «Дай дарогу» і многія іншыя цяжкія гурты з Беларусі і блізкага ды далёкага замежжа.

P.S. Кавалачак лета яшчэ можна будзе злавіць 5 верасня на традыцыйным фольк-фэсце «Камяніца».

***

Калі збіраецеся на добры фэст, не пазначаны вышэй, напішыце пра яго ў каментарах!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?