Беларусы працавітыя

Беларусы займаюць такую зямлю, дзе ніколі не было вялікіх прыродных багаццяў. Не ў крыўду нікому сказана, але акурат гэта развіла ў нас працавітасць, упартасць і нястомнасць, нашы добрыя нацыянальныя рысы.

У нас парадак

У нас чыста, у нас пакошана, людзі выконваюць законы, беспредела нідзе і ніколі не было, нават у ваенныя часы. Павагу да права ў беларусах выхавала прававая дзяржава Вялікае Княства Літоўскае з яе Статутам, напісаным, дарэчы, па-старабеларуску. Дарэчы, трапнасць і распрацаванасць нашай мовы таксама ідуць з тых часоў.

У нас свая мова

Да ХХ стагоддзя яна панавала ў людзе, за выняткам тых куткоў краіны, дзе жылі іншыя народы. Пасля перамагла русіфікацыя, але мова ў нас ёсць, і мы яе любім. На ёй створаныя шэдэўры: ад Скарыны да Быкава, Караткевіча і «Песняроў». І яна вяртаецца.

Беларусы шматканфесійныя

У Беларусі калісьці дамінавала праваслаўе, пасля каталіцтва, пасля была моцная Рэфармацыя, пасля большасць была ўніятамі, пасля зноў праваслаўнымі. Цяпер ёсць і каталікі, і пратэстанты. Мы такія, мы — розныя. Але ўсе мы — карэнныя беларусы. 

Мы ўмеем прыстасоўвацца

Так, гісторыя зрабіла нас гнуткімі. Мы мянялі мовы публічнай сферы, пераходзілі з рэлігіі ў рэлігію, выжывалі пад рознымі ўладамі. Але мы ўжо паўтары тысячы гадоў тут, на адным месцы. Мы гнёмся, але не ломімся. А сваю гнуткасць мы навучыліся ператвараць у эканамічныя перавагі.

У нас свая гісторыя

Калі Расія далучыла Беларусь, мы сапраўды ўдзельнічалі ў тых самых войнах і перажывалі тыя самыя беды. Але ў нас ёсць і свая непаўторная гісторыя, і вопыт яе перадаўся з пакалення ў пакаленне. У нас былі гордая Рагнеда, свой Сафійскі сабор, мудрыя перамогі пад Грунвальдам і Оршай. Была шляхта, якая не ведала халопства. І былі паўстанні, гераізм людзей тыпу Каліноўскага. Нас ламалі, круцілі, душылі, але мы ёсць. 

Мы еўрапейскі народ

Расія — еўразійская краіна, і геаграфічна, і этнічна. Беларусь — адна з сувымерных еўрапейскіх нацый. Цесна звязаная з Расіяй, але іншая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?